Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 2 снежня вынес прысуд па справе трох членаў мясцовага мотаклуба «Начныя ваўкі», у тым ліку яго лідара Паўла Каніна.

Суд прызнаў іх вінаватымі ў нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў наведвальніку клуба групай асоб з хуліганскіх меркаванняў (ч. 2 арт. 147 Крымінальнага кодэкса) і прыгаварыў кожнага да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Пацярпеламу байкеры павінны выплаціць кампенсацыю звыш 100 млн. рублёў на працягу 10 дзён з моманту ўваходжання прыгавору ў законную сілу.

У адваротным выпадку ў гэтых мэтах будзе канфіскавана база клуба, а таксама матацыкл Harley Davidson.

Паводле версіі абвінавачання, у ноч з 26 на 27 студзеня 2013 года трое прадстаўнікоў мотаклуба збілі 28-гадовага наведвальніка. Збіванне кваліфікавана як наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Згодна з заключэннем экспертызы, у пацярпелага былі множныя кровападцёкі тулава і тупая траўмы правага вока, якая пацягнула стопрацэнтную страту зроку.

Абвінавачаныя ў апошнім слове не прызналі сваю віну.

Згодна з іх паказаннямі, наведвальнік прыйшоў у клуб п'яны і працягваў там выпіваць, паводзіў сябе абуральна, зневажаў байкераў, скандаліў з жонкай. Яго спрабавалі заклікаць да парадку, але беспаспяхова. Паводле слоў абвінавачаных, пацярпелы быў у стане поўнай адсутнасці памяці і не мог стаяць на нагах, ён быў моцна п'яны, падаў і ў клубе, і на лесвіцы, і ў двары.

Адвакаты прасілі поўнасцю апраўдаць падабаронных, звяртаючы ўвагу на тое, што абвінавачанне будуецца на паказаннях сведак, якія былі моцна п'яныя, а праведзеныя экспертызы няпоўныя, неабгрунтаваныя і выклікаюць сумненні. У правядзенні дадатковых экспертыз суд адмовіў, медыцынскія дакументы пацярпелага былі згубленыя.

Прысуд пакуль не набыў законную моц, абвінавачаныя будуць абскарджваць яго ў Гомельскім абласным судзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?