Што на дадзены момант, гледзячы з Мінска, можна сказаць пра падзеі ў брацкай Украіне? Паспрабуем вызначыць галоўнае. Фактычны правал Віленскага саміту можна лічыць сведчаннем палітычнай недальнабачнасці і некаторай авантурнасці Варшавы і Стакгольма, якія пераканалі сябе і іншых, што, наблізіўшы Украіну, Малдову і Грузію, праз сумнеўнае «Еўрапейскае Партнёрства» ім удасца атачыць Расію (і Беларусь) новым «санітарным кардонам». Заканамерна сарвалася.

Але ў чым заключаюцца памылкі Кіева, які сам сябе загнаў у палітычны капкан?

У любым выпадку, калі краіна абірае новы геапалітычны шлях, то яе кіруючы клас павінен улічваць перш за ўсё глыбінны народны настрой. Гэта вельмі аб'ёмная праблема сукупнасці розных эканамічных, геаграфічных, ідэалагічных і нават эстэтычных прычын і следстваў.

Гісторыя вучыць, што пры гэтым асаблівую ролю адыгрывае разумнае спалучэнне нацыянальнага (альбо інтэрнацыянальнага) рамантызму і сухога прагматызму. Спадары В. Януковіч і М.Азараў аддалі перавагу перад ўсім чыстаму прагматызму і, па сутнасці, выставілі Украіну на тэндар Еўрасаюза і Расіі. Асноўным лотам стаў вектар развіцця. Галоўным аргументам — хто больш заплаціць!

У выніку патэнцыйныя пакупнікі сышлі з таргоў расчараваныя. Мільёны ўкраінцаў ахапіла шаленства: сённяшняя Украіна зусім не мілая пастараль Мікалая Васільевіча Гогаля, дзе лагодны маларасійскі памешчык на сваё задавальненне гандляваў жытам, салам і дваровымі дзеўкамі; украінская моладзь ужо прывыкла да думкі, што з іх меркаваннем трэба лічыцца.

Другой памылкай стаў разгон Майдана, ён парушыў тую сістэму ўзаемаадносін, якая ў апошнія гады характарызавалася асабліва ўкраінскай філасофіяй: «Лай, тiльки руки не розпускай»…

А і да гэтага была здзейснена велічэзная памылка — свядомы допуск ў вялікую палітыку (нібыта для гармоніі) неўтаймоўных экстрэмістаў з партыі «Свабода», якія шматразова дэманстравалі прыхільнасць да слоў і справаў часоў нядобрай памяці АУН-УПА. Пан Цягнібок і яго Галіцыйская каманда сталі рваць у лахманы палітычную культуру Украіны, якая яшчэ фарміруецца, і паглыбляць роў паміж умоўнымі Луганскам і Львовам. Было і яшчэ шмат цяжкіх памылак, вялікіх і малых, напрыклад, несправядлівае «выкрэсліванне» са спісу прэтэндэнтаў на будучыя прэзідэнцкія выбары папулярнага чэмпіёна Клічко, які адразу ж плюнуў на ўмоўнасці і павёў за сабой натоўп.

Што чакае Украіну? На паверхні тры варыянты. Канфрантацыйны, які калі і скончыцца чым-небудзь, то хіба што поўным развалам краіны. Другі — спробай адыграць назад і пачаць новыя перамовы з ЕС — тады не трэба сумнявацца, што Расія прыкруціць ўсе вентылі і абуе межы ў цяжкія замкі. Трэці — «Партыя рэгіёнаў» прынясе ў ахвяру ўрад і прыступіць да палітычных кансультацыяў. Гэта, магчыма, знізіць напал і захавае прэзідэнта Януковіча, паколькі для яго імпічменту ў апазіцыі сіл ўсё ж замала. Бліжэйшыя дні альбо пацвердзяць, альбо аспрэчаць гэтыя сцэнары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0