«Беспрэцэдэнтны выпадак» (вызначэнне міністра ўнутраных спраў Харалдура Ёхансэна) здарыўся ў сталіцы краіны — Рэйк'явіку.

Мужчына сярэдніх гадоў, знаходзячыся ў сваёй кватэры, па нявысветленай пакуль прычыне адкрыў агонь са стрэльбы. Паліцыя эвакуявала жыхароў навакольных будынкаў і паспрабавала выйсці на кантакт са стралком.

Калі гэта не атрымалася, паліцэйскія пусцілі ў кватэру слезацечны газ, спрабуючы нейтралізаваць падазраванага.

Гэта не дапамагло: ён адкрыў бязладную страляліну з вокнаў.

На штурм кватэры быў накіраваны паліцэйскі спецназ. Падазраваны пачаў страляць у паліцэйскіх, пашкодзіўшы аднаму з іх шлем, а другому — шчыт.

Супрацоўнікі спецназа адкрылі агонь у адказ, смяротна параніўшы нападніка. Яго паспрабавалі выратаваць дактары мясцовай бальніцы, аднак іх высілкі аказаліся безвыніковымі.

Міністр унутраных спраў ужо выказаў спачуванні родным і блізкім загінулага, заявіўшы, што кіраўніцтва паліцыі і яе шараговыя супрацоўнікі глыбока шкадуюць аб выпадку.

Насельніцтва Ісландыі складае ўсяго каля 320 тысяч чалавек. Узровень злачыннасці ў гэтай краіне настолькі нізкі, што паліцыя вельмі рэдка паказваецца на вуліцах са зброяй і амаль ніколі яе не ўжывае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?