Удзельнікі Еўрамайдана ў Кіеве павінны захаваць дынаміку пратэстаў, каб дамагчыся саступак ад прэзідэнта Януковіча. Пра гэта заявіў у інтэрв'ю Rzeczpospolita экс-прэзідэнт Аляксандр Кваснеўскі.
На думку Кваснеўскага, ход украінскай рэвалюцыі павінен вырашыцца ў бліжэйшыя 48 гадзін.
Калі прыхільнікі інтэграцыі будуць рашучымі, змогуць захаваць дынаміку пратэсту, тады Януковіч пачне ісці на саступкі, пагодзіцца на звальненне таго ці іншага міністра, магчыма, нават прэм'ер-міністра.
Але калі пратэсты пачнуць слабець, то ён скарыстае сілу, каб упарадкаваць сітуацыю.
На думку экс-прэзідэнта Польшчы, Януковіч не мае свайго плана рашэння сітуацыі.
«Ён чакае развіцця падзей і рэагаваць мусіць у межах іх значэння. У яго адна мэта: вярнуць спакой і забяспечыць сваё пераабранне ў 2015 годзе», — сказаў Кваснеўскі.





