Працягласць вясновага перыяду ў найбліжэйшыя гады будзе скарачацца, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў 4 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, сёлета вясна ў Беларусі доўжылася крыху больш за месяц. На большай частцы тэрыторыі краіны зіма закончылася 30 сакавіка — 1 красавіка, а ўжо 7-8 мая ўстанавілася летняе надвор'е, што на дзве-тры дэкады раней за кліматычную норму. «Сёлета ўсё даволі хутка растала, і як такой вясны мы не заўважылі», — адзначыў Рабаў.

Як заявіў сіноптык, прагнозы Федэральнай службы Расіі па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя сведчаць аб тым, што ў найбліжэйшыя гады вясновы перыяд будзе скарачацца, а неўзабаве класічная вясна наогул знікне. 

Скарачэнне вясновага перыяду, паводле слоў Рабава, абумоўлена змяненнем клімату. «Адбылося змяшчэнне сезонаў: восень стала больш працяглай, зіма — карацейшай і нашмат мякчэйшай, вясна скарачаецца», — сказаў ён. 

Летам у Беларусі ўсё часцей праяўляюцца прыкметы трапічнага клімату. «Стаіць цёплае і вільготнае надвор'е. Колькасць ападкаў моцна не павялічылася, але вырасла колькасць моцных ліўняў», — патлумачыў Рабаў. Акрамя таго, у вясенне-летні перыяд Беларусь усё часцей апынаецца пад уплывам паўднёвых цыклонаў. «Калі ў год было па тры-пяць цыклонаў, то цяпер за адзін месяц можа быць шэсць-восем», — адзначыў ён.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру