Выключнае права дзяржавы (інстытут спецімпарцёра) на ўвоз алкагольных напояў і тытунёвых вырабаў можа быць адменена ў Беларусі з 2015 года. Праекты адпаведных нарматыўна-прававых актаў ужо распрацаваныя.
У прыватнасці, падрыхтаваны законапраект аб унясенні змяненняў у закон «Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці і абароту алкагольнай, нехарчовай прадукцыі з утрыманнем спірту і нехарчовага этылавага спірту», паводле якога прадугледжана адмена выключных правоў дзяржавы на ажыццяўленне імпарту алкагольных напояў з 1 студзеня 2015 года.
Як паведаміла крыніца ў дзяржорганах, Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову па выключэнні алкагольнай прадукцыі са спісу выняткаў і іншых абмежаванняў (у тым ліку бар'ераў) узаемнага доступу суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці на рынак дзяржаў — членаў Мытнага саюза. Падрыхтаваны таксама праект прэзідэнцкага дэкрэта, які прадугледжвае адмену выключных правоў дзяржавы на ажыццяўленне імпарту тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў з 1 студзеня 2015 года.