У скандальнай справе вакол санаторыя «Беларусь» з’явіўся трэці арыштаваны.

«Беларусь» забудавалі гатэлямі-катэджамі. Фота ngskd.ru

Комплекс адпачынку. Фота ngskd.ru

Амаль год цягнецца справа айчыннага санаторыя «Беларусь» у Сочы. Затрыманыя ёсць, а падрабязнасцяў няма. За кратамі апынуліся Георгій Саракашыш, ужо былы дырэктар здраўніцы на беразе Чорнага мора, і ягоны намеснік Аляксандр Кізім. А праз адзінаццаць месяцаў раптам высветлілася, што арыштантаў па гэтай справе не менш за трох. Праўда, паведамляюць пра гэта не спецслужбы.

Схема для Баўмгертнера

Калі здарыўся скандал з гендырэктарам «Уралкалія» Уладзіславам Баўмгертнерам, пра арышт санаторнага кіраўніка Георгія Саракашыша фактычна забыліся. Але пры супастаўленні двух затрыманняў хоцькі­няхоцькі бачыцца паралель: на Сакарашышу «абкаталі» схему, па якой у выніку затрымалі і Баўмгертнера.

Кайданкі на Георгія Саракашыша начапілі супрацоўнікі КДБ 21 снежня 2012 у Мінску. Ён прыехаў са сваім намеснікам і кіраўніком будаўнічай кампаніі ў Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, якому належыць санаторый. Інфармацыя пра гэта з’явілася толькі праз месяц, калі ў Сочы паехаў сам Лукашэнка, каб праінспектаваць будаўніцтва новых беларускіх аб’ектаў.

Арышты пачаліся пасля таго, як расійскія кампаніі «Новы горад БКД» і фінансава­будаўнічая група «Карпарацыя», якія разбудоўвалі «Беларусь», пачалі судзіцца з санаторыем. Прэтэнзіі на мільёны даляраў: нібыта працы праводзіліся напавер, а беларусы ў выніку не заплацілі. Экс­дырэктару інкрымінуюць крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў буйным памеры.

«У верасні адбылася сустрэча мамы з татам. Спатканне было кароткім: пра доўгатэрміновае гаворкі не ішло. Скаргі былі на нейрадэрміт, але ўжо ўсё прайшло. А так усё па­ранейшаму, — расказвае «НН» сын арыштаванага экс­дырэктара Канстанцін. — Лісты піша, але рэдка, у асноўным мы з маці яму пішам. Зменаў у абвінавачванні няма». 25 жніўня Георгію Саракашышу споўнілася 60 гадоў.

Трэці невядомы

Другім арыштаваным аказаўся беларус Аляксандр Кізім. Ягоныя сваякі не хочуць камунікаваць з журналістамі.

А вось трэці арыштант — гендырэктар расійскай ФБГ «Карпарацыя» Андрэй Меранкоў. Цікава, што пра ягоны арышт ведаюць шараговыя супрацоўнікі кампаніі, але не ў курсе ў пасольстве Расіі ў Мінску. Магчыма, у менеджара іншае грамадзянства. А ягоныя родныя не падымаюць шуму.

Нейкія звесткі па гэтай справе трапляюць да журналістаў пераважна ад родных Георгія Саракашыша — КДБ маўчыць. Вось і ў чарговай размове ягоны сын раскрыў некаторыя акалічнасці.

«Ён часта прыязджаў у Беларусь. Чалавек 30 гадоў працуе ў санаторыі, з іх адзінаццаць кіраваў ім. Як толькі ўзнікалі пытанні, неадкладна ляцеў у Мінск. Быў там за тыдзень і да апошняга візіту».

Атрымліваецца, што дырэктара тузалі ў Мінск па тлумачэнні з судамі, магчыма, нават на допыты, а не толькі для штогадовых справаздач. Выглядае, што Саракашыша падазраюць у «распіле» беларускіх грошай. Маўляў, ён прымаў усю працу будаўнічых кампаній, падпісваў завышаныя каштарысы, а затым атрымліваў сваю долю.

Што не зразумела, дык чым кіраваліся Саракашыш і Меранкоў, калі ехалі ў Мінск. Яны ж маглі проста не паехаць. Саракашыш пазбавіўся б пасады. А Меранкоў нічога б не страціў. Тым больш, калі сумы работ ягонай кампаніі насамрэч завышаныя — уласных грошай ён не губляў бы. А калі паехалі, то не адчувалі віны альбо былі такімі ўпэўненымі ў беспакаранасці?

Што б ні было за кратамі, але праз два тыдні пасля арышту сваёй пасады пазбавіўся намеснік кіраўніка Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Анатоль Дазораў. Яшчэ праз два — і сам кіраўнік Мікалай Корбут. А новы кіраўнік ведамства Віктар Шэйман заявіў пра нізкі ўзровень будаўніцтва, завышэнне кошту аб’ектаў, асабліва за мяжой.

Хто будзе плаціць?

У чым канфлікт паміж кампаніямі і здраўніцай? Не могуць падзяліць мільёны даляраў. Дзясяткі судоў ідуць па пазовах да санаторыя «Беларусь». ФБГ «Карпарацыя» фактычна ўсе суды выйграла. Кіраўніцтва «Беларусі» спрабуе апраўдвацца — падае сустрэчныя пазовы. Але гэта пасля таго, як усе акты выкананых работ былі прынятыя.

Забудоўшчык даводзіць, што выканаў кантракты, але не атрымаў аплату. Напрыклад, па дамове яшчэ ў 2011-м за рэканструкцыю інтэрната пад катэдж не заплацілі каля $25 тысяч. Суд абавязаў выплаціць. На гэтым тыдні адбудзецца разгляд апеляцыі.

Па кантракце, падпісаным у 2012­м, сума ўжо значна большая. За капітальны рамонт аб’ектаў паркавай структуры і добраўпарадкаванне санаторыя кампаніі засталіся вінныя $100 тысяч. А на 26 лістапада прызначаны разгляд пазова яшчэ на $1,8 мільёна.

Гэта толькі тое, што тычыцца апошніх пазоваў «Карпарацыі» да санаторыя. Але з «Беларуссю» судзяцца і прадпрымальнік Наталля Істракова, і кампанія «Новы горад БКД», чый толькі адзін пазоў сягае $6 мільёнаў. Дарэчы, магчыма, дырэктара і гэтай кампаніі «запрашалі» на перамовы ў Мінск у снежні 2012-га.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру