6 снежня Інстытут беларускай гісторыі і культуры (ІБГіК) і выдавецтва «Харвест» прэзентавалі ў Мінску пяць чарговых выданняў з серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры». Яны прысвечаны Яну Чачоту, Уладзіславу Сыракомлю, Ігнату Канчэўскаму, Вацлаву Ластоўскаму, Міхаілу Пташуку.
У інтэрв'ю БелаПАН навуковы сакратар ІБГіК, рэдактар-каардынатар серыі Анатоль Тарас паведаміў: «Згодна з планам нашага інстытута рыхтуецца да выдання шмат розных кніг, і усе яны прысвечаны беларускай гісторыі і культуры. У тым ліку і гэтая серыя. А яшчэ, нагадаю, у нас ёсць серыя «Невядомая гісторыя», выданні якой выходзяць на рускай і беларускай мовах. На роднай мове выдана ўжо восем кніг, рыхтуюцца яшчэ шэсць. У студзені-лютым наступнага года яны выйдуць з друку».
Сярод навінак Тарас асабліва адзначыў кнігу гісторыка-мігранта Вацлава Пануцэвіча «Жамойдзь і Літва: розныя краіны і народы».





