Адзін з 15 фіналістаў нацыянальнага адборачнага тура конкурсу «Еўрабачанне-2014» Аляксей Грос адмовіўся ад удзелу ў конкурсе.

Як паведамляе ТАА «Вэбмюзік Паблішынг», у адборачным туры Грос выконваў песню бельгійскага кампазітара Марка Паэлінка If I could do it all again. У 2012 годзе правы на гэтую кампазіцыю былі ўступленыя Паэлінкам прадзюсарскаму цэнтру «Спамаш», з якім супрацоўнічае выканаўца, аднак некалькі дзён таму высветлілася, што песня раней ужо выконвалася іншым артыстам. Паколькі гэта супярэчыць правілам конкурсу, Грос адклікаў сваю заяўку на ўдзел у адборачным туры «Еўрабачання-2014».

«Гэтая кампазіцыя з'явілася ў маім рэпертуары прыблізна год таму. Песню нідзе не выконваў — бярог для адбору на «Еўрабачанне-2014». Для мяне і ўсёй каманды прадзюсарскага цэнтра «Спамаш» факт, што песня ўжо была кімсьці выканана, безумоўна, стаў непрыемнай нечаканасцю», — зазначыў Грос.

Паводле яго слоў, цэнтр мае намер разабрацца ў прычынах таго, што здарылася. Сам выканаўца плануе ўзяць удзел у адборы на «Еўрабачанне» ў наступным годзе.

Такім чынам, у фінале нацыянальнага адборачнага тура конкурсу засталіся 14 удзельнікаў: Мацвей Бандарэнка, Юрый Вашчук, Дарыя, Жанет, Макс Лорэнс & ДзіДзюЛя, Анастасія Малашкевіч, Арцём Міхаленка, Аліна Мошчанка, Наталля Адзінцова, Алена Сіняўская, Наталля Тамела, а таксама гурты Napoli, Nuteki і Switter boys.

Фінальны канцэрт, на якім вызначыцца беларускі ўдзельнік міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне-2014», пройдзе ў Белтэлерадыёкампаніі 10 студзеня. Пераможцам стане выканаўца, які набярэ найбольшую колькасць балаў паводле вынікаў галасавання прафесійнага журы і глядацкага галасавання.

«Еўрабачанне-2014» пройдзе ў Даніі з 6 па 10 мая.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру