Укладанне грошай у мастацтва – бяспройгрышны варыянт для ўладальнікаў любых фінансавых капіталаў.

Паказальны прыклад з Траццякоўскай галерэяй. Наведвальнікаў залі Міхаіла Урубеля сустракае інфармацыя, напісаная на сцяне вялікімі літарамі: рэканструкцыя адбылася за кошт Віктара Вексельберга. Наведваючы галерэю, ніхто не задае пытанні, як ён зарабіў свае грошы у 1990-я.

Зрэшты, гэты прыклад хутчэй сведчыць пра стварэнне бізнесмэнам уласнага пазітыўнага іміджу. А вось

ў выпадку дабрачыннасці беларускіх банкаў, фірмаў і прадпрыемстваў цяжка правесці мяжу: дзе сканчваецца дабраахвотны парыў іх кіраўнікоў і пачынаюць дзейнічаць дабраахвотна-прымусовыя пажаданні з боку дзяржавы.

Але ўлічваючы надзвычай слабы ўзровень захавальнасці нашай спадчыны, варта вітаць любыя ініцыятывы. Прычым, ад каго б яны не сыходзілі.

Выстава «Банк БелВЭБ: новае жыццё нацыянальных скарбаў», якая адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музее Рэспублікі Беларусь, дазволіла прэзентаваць публіцы багацці, назапашаныя за доўгія гады ў музейных фондах. А таксама прэзентавала скарбы, якія «Банк БелВЭБ» набыў для ўстановы за гады супрацоўніцтва.

Выстава займае чатыры залі трэцяга паверха.

Першая нагадвае арыстакратычны салон, пра атмасферу якога нагадваюць музычныя інструменты і мэбля.

Цікава выглядае рашэнне другой залі, якая перадае подых вайны. Глядач можа ўбачыць зброю (у тым ліку шаблю кліентэлы князя Караля Радзівіла) і ваенную вопратку канца ХVІІ – сярэдзіны ХХ стагоддзя.

А ў цэнтры залі размешчана традыцыйная жаночая вопратка. Як сімвал беларускага народа, які доўгі час знаходзіўся ў цэнтры ваенных ліхалеццяў.

Трэцяя зала прадстаўляе прадметы рэлігійнага культа і старадрукі. Атмасферу чацвёртай можна ахарактаразаваць як дзяржаўніцкую. Тут прадстаўлены манеты і карты.

Якія экспанаты выглядаюць найбольш каштоўнымі? Гэта

карта ВКЛ 1616–1630 гадоў, ініцыятарам выдання якой выступіў Мікалай Радзівіл Сіротка.

Менавіта з яе набыцця ў 2008 годзе пачалося супрацоўніцтва банка і музея.

Унікальная манета ВКЛ пенязь канца ХIV – пачатку ХV ст. (часы Вітаўта),

перададзеная ў Гістарычны ў 2010-м.

Калекцыя паганскіх амулетаў і хрысціянскіх нацельных крыжоў беларускага паходжання Х – ХVII стагоддзяў (набыта ў 2011-м).

Літаграфіі відаў Вільні, зробленыя мастаком ХІХ стагоддзя Юзафам Азямблоўскім.

Карта «Lithuania» з атласа Меркатара-Хондыўса (Амстэрдам, першая палова ХVII ст.), якая трапіла ў музей летась.

І, зразумела, так званы «пояс Вітаўта», знойдзены ў пачатку 1990-х пры раскопках у Маладзечнаскім раёне (па паданню, падараваны Вітаўту крымскім ханам Хаджы-Гірэем).

Выстава будзе працаваць у музеі да 5 лютага.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру