Паводле звестак БелаПАН, дзяжурнае звяно з чатырох расійскіх знішчальнікаў Су-27 прызямлілася 8 снежня на аэрадроме 61-й знішчальнай авіябазы ў Баранавічах. Разам з імі ў Баранавічы з Расіі перабазіраваўся і тэхнічны персанал.

У Мінабароны пакуль не каментуюць прыбыццё расійскіх знішчальнікаў.

Нагадаем, 23 красавіка гэтага года міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу, які знаходзіўся з візітам у Мінску, паведаміў аб планах Расіі размясціць на тэрыторыі Беларусі к 2015 году знішчальны авіяполк. Тады ён заявіў, што ўжо сёлета ў Беларусі плануецца стварыць авіяцыйную камендатуру і паставіць першае дзяжурнае звяно знішчальнікаў.

26 чэрвеня галоўнакамандуючы ВПС РФ генерал-лейтэнант Віктар Бондараў паведаміў, што расійская авіябаза будзе дыслацыравацца ў Лідзе (Гродзенская вобласць) і пачне функцыянаваць ужо ў 2013 годзе. На ёй будуць размешчаны мадыфікаваныя знішчальнікі Су-27СМ3.

Затым з'явілася інфармацыя аб размяшчэнні як мінімум дзяжурных знішчальнікаў у Баранавічах.

«Стварэнне расійскай авіябазы ў Беларусі — гэта вынік выканання міжурадавага пагаднення па ўмацаванні ваеннага складальніка Саюзнай дзяржавы. Як удзельніца Саюзнай дзяржавы, Расія абавязана сфарміраваць і мець там сваю авіябазу», — заявіў Бондараў. Ён таксама паведаміў, што на першапачатковым этапе база будзе расійскай, потым — будзе бачна. Добраўпарадкуе базу беларускі бок, Расія будзе ў гэтым дапамагаць. «Авіябаза стане важным элементам першага стратэгічнага эшалона абароны Саюзнай дзяржавы і забяспечыць прыкрыццё паветранай прасторы Беларусі», — падкрэсліў Бондараў.

На нарадзе па пытаннях будаўніцтва і развіцця Узброеных сіл Беларусі 20 жніўня Аляксандр Лукашэнка даручыў распачаць практычную рэалізацыю дамоўленасцяў з Расіяй па авіяцыі і СПА. «Міністэрству абароны стаўлю задачу пачаць практычную рэалізацыю дасягнутых з Расійскай Федэрацыяй дамоўленасцяў па авіяцыі і сістэмах проціпаветранай абароны», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

29 кастрычніка ў Маскве кіраўнік Мінабароны РФ Сяргей Шайгу паведаміў, што падрыхтоўка пагаднення аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расійскай авіяцыйнай базы завяршаецца. «Бакі завяршаюць падрыхтоўку міждзяржаўнага пагаднення аб размяшчэнні расійскай авіяцыйнай базы на тэрыторыі Беларусі, — сказаў ён. — Мы разгледзелі вынікі працы рабочай групы ваенна-паветраных сіл Беларусі і Расіі па вызначэнні аэрадрома для гэтай базы».

Першапачаткова, паводле слоў Шайгу, у Беларусі плануецца размясціць дзяжурнае звяно знішчальнай авіяцыі Расіі. «Мы пачалі практычную прапрацоўку пытання размяшчэння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь дзяжурнага звяна знішчальнай авіяцыі Расіі, — сказаў міністр. — Распрацоўваецца неабходная дакументацыя».

Варта адзначыць, што планы па размяшчэнні расійскай авіябазы ў Беларусі выклікалі негатыўны рэзананс сярод апазіцыі і часткі беларускага грамадства.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру