З 29 верасьня па 3 кастрычніка ў Берасьці праходзіў VI рэспубліканскі фэст беларускіх фільмаў. Студыя "Беларусьфільм" прадставіла на фэсьце 11 анімацыйных фільмаў, 13 дакумэнтальных і 8 ігравых.

Карціна Галіны Адамовіч "Завядзёнка" была названая найлепшым фільмам фэсту, а апэратарка карціны Тацяна Логінава атрымала адмысловы дыплём імя Юрыя Марухіна "За апэратарскае майстэрства". Раней стужка Галіны Адамовіч годна прадстаўляла Беларусь на міжнародных фэстах - атрымала прэстыжны прыз у Карлавых Варах і на фэсьце "Магніфікат".

"За вернасьць герою ідэалам дабра й справядлівасьці" адзначаны дакумэнталіст Анатолі Алай, які прадставіў карціну "Ўладзімер Бядуля".

Акрамя дакумэнтальнага кіно, беларуская анімацыя таксама вартая самых цёплых слоў і глядацкай увагі (хаця гэтыя стужкі ўбачыць амаль немагчыма). Найлепшай анімацыйнай карцінай прызнанае "Рэактыўнае парася" Аляксандра Ленкіна, а мультфільм "Чароўная крама" Алены Пяткевіч атрымаў узнагароду за найлепшую выяўленчую працу.

Зь беларускім ігравым кіно сытуацыя здаўна не такая аптымістычная, але без узнагародаў на фэсьце не абысьціся. Карціне Марыі Мажар "Ворагі" далі дыплём "За найлепшы дэбют у кіно". Карціну "Рыфмуецца зь любоўю" Аляксандра Яфрэмава назвалі найлепшым ігравым фільмам. Стужкі Яфрэмава традыцыйна ганаруюцца менавіта на фэсьце ў Берасьці - роўна, як і на кінафэсьце ў Бярдзянску.

Фільм "Я памятаю..." Сяргея Сычова вылучылі за найлепшую музыку (Віктар Капыцька), найлепшы сцэнар (Фёдар Конеў), найлепшую жаночую ролю (Юлія Кадушкевіч).

4-сэрыйны фільм "Тры талеры" Ігара Чацьверыкова быў названы найлепшым відэафільмам для дзяцей.

Адмысловы прыз журы далі Сьвятлане Бароўскай за другаплянную ролю ў фільме "Пяшчотная зіма" рэжысэрак Ірыны Волах і Ганны Пармас. Адпаведная ўзнагарода за другаплянную мужчынскую ролю чакала й Аляксея Ждановіча за карціну "Спакуса" Маргарыты Касымавай.

Карціны, прадстаўленыя на фэсьце ў Берасьці, былі выпушчаныя на працягу некалькіх гадоў.

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?