Беларускі мінімальны заробак падрос, але застаецца меншым, чым у іншых краінах.

Ад пачатку года мінімальны месячны заробак у Беларусі вырас да 1,66 мільёна рублёў. Гэта ў эквіваленце 174 даляры ці 126 еўра. Менш за гэтыя грошы не могуць плаціць ніводнаму работніку. Але толькі калі ён працуе на поўную стаўку — пяць дзён па восем гадзін на тыдзень.

Існаванне мінімальнага заробку — рэкамендацыя Міжнароднай арганізацыі працы, каб прадухіліць эксплуатацыю работнікаў.

Усё больш еўрапейцаў маюць няпоўную занятасць — напрыклад, працуюць штодня па 4-5 гадзін. Такіх работнікаў, у залежнасці ад краіны, можа быць 20-30% ад агульнай колькасці. Таму еўрапейская статыстыка часцяком указвае гарантаваны заробак за гадзіну, а не за месяц.

У Беларусі сітуацыя іншая. Паводле афіцыйнай статыстыкі, «часткова занятых» не больш за 2,5%. Гэта цалкам адпавядае прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі — няважна, што грошы малыя, затое плацяць усім.

А што ў іншых краінах?

Найлепшыя сацыяльныя гарантыі ўведзеныя ў Люксембургу.

Кожны з тамтэйшых некваліфікаваных работнікаў зарабляе штогадзіну больш за 11 еўра. Кваліфіканы — яшчэ больш, каля 13,3 еўра. Для параўнання, беларускаму «мінімальнаму» работніку для атрымання такой сумы давядзецца працаваць больш за два дні.

Узровень аплаты ў Люксембургу нямоцна адрозніваецца ад заробкаў у іншых багатых краінах Еўропы, напрыклад Нарвегіі ці Швецыі. Аднак у гэтых краінах адсутнічае адзіная мінімальная стаўка. Кожны з прафсаюзаў дабіваецца сацыяльных гарантый для сваіх работнікаў. Падобных правілаў прытрымліваецца з дзясятак краін кантынента.

Узровень мінімальнага заробку для краін былога сацыялістычнага лагеру — $400-500. Такім грошам маглі б пазайдросціць работнікі многіх прадпрыемстваў беларускіх рэгіёнаў.

На адным узроўні з Беларуссю знаходзяцца суседнія Расія і Украіна. Адметна, што Расія нават з пункту гледжання мінімальнага заробку падзеленая на Маскву і не-Маскву. У сталіцы жыхарам гарантуюць у два разы больш, чым у іншых рэгіёнах.

Па-за разуменнем еўрапейцаў застаецца мінімальны заробак у Малдове, які ледзь перавышае 50 еўра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?