Некалькі гадоў таму (а дакладней, у верасні 2011 г.) тысячы маладых амерыканцаў выйшлі на вуліцы Нью-Ёрка, каб выказаць свой пратэст супраць існай сістэмы.

Той рух набыў вядомасць пад назвай «Займі Уол-стрыт», «Occupy Wall Street».

Іх слоган «Нас — 99%» нагадваў пра несправядлівае размеркаванне багаццяў, калі большая іх частка належыць 1% багацеяў, а 99% простых амерыканцаў недацягваюць да салодкае вяршыні. Калі выразіць гэтую няроўнасць у памерах гадавога прыбытку, то каб належаць да 99%, трэба, каб ваш гадавы прыбытак быў меншым за 344 тыс. даляраў.

Пры гэтым сярэдні гадавы прыбытак складае каля 50 тыс. (некаторыя даюць лічбу 60 тыс.) даляраў. То бок прыблізна 4170 даляраў штомесяц. А цяпер уявіце, што ў ЗША знойдуцца тыя, хто пры такіх умовах пачне марыць пра нешта кшталту «ўсімпапіццот». Думаеце, дасягнуць гэтага будзе немагчыма? Думаеце, утопія?

А вось не спяшайцеся.

3 студзеня ў, не пабаюся гэтага слова, найзнакаміцейшым і крайне левым часопісе Rolling Stone выйшаў артыкул Джэсі Маерсана — журналіста і «незалежнага актывіста», які ўвосень 2011 г. выступаў у ролі аднаго з арганізатараў «акупантаў».

Для Маерсана відавочна адно: Амерыку падрываюць. І падрываюць яе, канечне, тыя самыя тлустыя каты, якія належаць да прывілеяванага і абароненага дзяржавай 1%.

Каб выратавацца, на думку Маерсана, трэба ажыццявіць 5 рэформаў

(а хто б сумняваўся, што такі чалавек будзе пісьменным у галіне паліттэхналогіяў).

Першая рэформа — гарантаваная праца для кожнага.

Як гэтага дасягнуць? Канечне, праз дзяржаўны сектар. Ну, быў жа, урэшце, «новы курс» Рузвельта? І быў жа ён эфектыўным? Вось і цяпер, кажа Маерсан, дзяржаве ёсць дзе замовіць працу ў некамерцыйным сектары: выкладанне, прыборка навакольнага асяроддзя, муралізм (карцінкі на мурах маляваць, хто не ведае). Добра, скажаце вы, але дзе ўзяць грошы на гэтую карысную для грамадства працу? А ўсё проста, кажа Маерсан у сваім Твітары. Настолькі проста, што гэтую геніяльную ідэю варта прывесці ў арыгінале: «Money doesn't come from «the money tree». It's way easier to produce money than fruit. You literally just enter numbers into a spreadsheet». Карацей, грошы вытвараць прасцей, чым садавіну вырошчваць: досыць толькі праставіць лічбы ў табліцы. «Дзякуй, Джэс!» — кажа яму Том Блюмер (Tom Blumer) у сваім блогу на NewsBusters. «Цяпер я вырашыў усе свае грашовыя праблемы, праставіўшы знак даляра перад лічбамі ў ячэйках майго Microsoft Excel». Карысны досвед, ці не так?

Другая рэформа — сацыяльная абарона кожнаму.

Ну, добра, з «гарантаванай працай» у нас ёсць нешта падобнае – абавязковае размеркаванне выпускнікоў ВНУ. І хай паспрабуюць не працаваць, калі ім гэта гарантуюць. Але ЗША краіна пакуль адносна ліберальная, там чалавек сам можа вырашаць, працаваць яму, ці не. І Маерсан гэта прызнае. Тым больш што ён знаёмы з дасягненнямі тэхналагічнага прагрэсу і ведае, што робаты і 3D-прынтары замяняюць працу чалавека. Так што можна не працаваць.

А як жа грошы? Грошы дзе браць, калі працы няма? Грошы будзе даваць тая ж дзяржава. Дзеля гэтага кожнаму, хто не працуе, яна штомесяц будзе пералічваць пэўную (трэба думаць, годную) суму. Дзе на гэта грошы ўзяць, кажаце? Дык вам жа толькі што механізм нараджэння грошай патлумачылі: бераце табліцу і далей па тэксце.

Пачакайце, скажаце вы, а хто ж пры такіх умовах увогуле пагодзіцца працаваць, калі грошы будуць даваць за так? А не зашмат пытанняў у вас з’яўляецца? — скажам мы на гэта. Ці, можа, вы ліберал?

Трэцяя рэформа: вярнуць зямлю!

Што ж гэта, панове, атрымліваецца, — пытае Маерсан. Дом мой стаіць на зямлі, якая належыць нейкаму буйному землеўладальніку. Вакол з’яўляюцца крамы, паркі. Цана зямлі, як вынік, расце. А прычым тут землеўладальнік? Ці справядліва, што ён профіт ад гэтага мае? Не, несправядліва, адказвае Маерсан, забыўшы, што толькі што прапанаваў плаціць людзям проста так — за тое, што яны паветрам дыхаюць. Таму трэба задушыць землеўладальніка падаткамі, а зямлю вярнуць муніцыпалітэту. Бо прырода мусіць належаць усім, а не аднаму.

Тут, канечне, самы момант спытаць Маерсана, датычыць ягоная прапанова толькі тых землеўладальнікаў, якія належаць да 1%, ці падаткамі душыць і зямлю адбіраць трэба будзе ва ўсіх амерыканцаў, якія маюць зямельную ўласнасць. Лепш над такім пытаннем не задумвацца. Бо гэтак дойдзем і да пытання пра тое, наколькі эфектыўным будзе муніцыпальнае валоданне зямлёй? І, пакапаўшыся ў гісторыі, давядзецца прыйсці да высновы: не, ні ў якім разе. Вось у Мексіцы, напрыклад, у ХХ ст. федэральны ўрад актыўна ажыццяўляў мару Маерсана і раздаваў зямлю індзейскім грамадам. У выніку грамада павісла на бюджэтнай шыі, бо з прычыны неэфектыўнасці спосабу вядзення гаспадаркі патрабавала датацый. Давялося ўраду казаць: ведаеце, а ідзіце вы далёка, і выдаць закон па выдзяленні земляў для прыватных гаспадарак.

У сувязі з гэтай маерсанаўскай прапановай прыгадваецца крыніца пітной вады, якую я бачыў у Лісабоне. У гарадах Паўднёвай Еўропы праблема забеспячэння пітной вадой, бывала, стаяла востра, і яе вырашэнне патрабавала фінансавых укладанняў. Таму ваду, бывала, прадавалі. У Партугаліі пасля рэвалюцыі пачатку ХІХ ст. ваду зрабілі бясплатнай. Пра што і напісалі на гэтай крыніцы. Выйшла вельмі сімвалічна: вада бясплатная, але яе няма. Гэта як у Чылі за часам Сальвадора Альлендэ: мяса таннае, але яго няма. Але ж можна казаць іначай: мяса няма, але яно таннае. Як і вады няма, затое бясплатна. І на такую фармулёўку сацыяльнае справядлівасці павядзецца значна больш народу, чым на варыянт «вада і мяса ёсць, але за грошы». На што і разлічваюць Маерсан ды іншыя прыхільнікі «сацыяльнае справядлівасці».

Чацвёртая рэформа.

Сродкі вытворчасці (Маерсан мае на ўвазе пабудовы і абсталяванне, якія выкарыстоўваюцца рабочымі для выпрацоўкі тавараў і паслугаў). Яны ж належаць… Не, не 1%, а 10%. Але ўсё роўна: адабраць і… не, не падзяліць. А проста «калектывізаваць». Хай належаць усім (і нікому). Тое, што сістэма дзяржаўнага мэнэджмэнту, як сведчаць гістарычныя прыклады, зусім неэфектыўная, — гэта неістотна. Мы ж, памятаеце, вырашылі праблему грошай шляхам іх малявання. Так што праблемаў не мусіць быць.

Ну, і пятая рэформа. Банкаўская сфера.

Няма неабходнасці нагадваць, каму належыць гэтая сфера ва ўмовах капіталізму. Для поўнага ж камунізму яе трэба зрабіць дзяржаўнай. І тады фермеры, студэнты і прадпрымальнікі заўжды будуць атрымліваць танныя крэдыты. І што, што эканамісты кажуць, нібыта такая палітыка, даўшы кароткатэрміновы эфект, прывядзе да інфляцыі, якая зжарэ ўсе дасягненні «фермераў, студэнтаў, прадпрымальнікаў»? Паверце, у краіне поўнага камунізму інфляцыя – не галоўнае, што будзе непакоіць. І не прыгадвайце, калі ласка, логіку: маўляў, адкуль у краіне, якая за так раздае грошы (рэформа №2), з’явяцца ахвочыя палезці ў фермерства і прадпрымальніцтва з усімі стрэсамі і праблемамі, якія непазьбежна суправаджаюць такую дзейнасць. Дый са студэнтамі не ўсё зразумела ў гэтым плане.

Як бачна, лозунг «усімпапіццот» цалкам магчымы ў Злучаных Штатах. Прынамсі, ужо знайшліся людзі, гатовыя папрацаваць над ягоным ажыццяўленьнем. Бо пры рэалізацыі праграмы Маерсана амерыканцам давядзецца забыць пра «сярэднія» 50 тысяч.

На каго ж разлічаныя гэтыя прапановы?

Маерсан апелюе да пакалення «тысячагоднікаў» (millennials). То бок да людзей ва ўзросце 20-34. Ён так і назваў свой праграмны артыкул: Five Economic Reforms Millennials Should Be Fighting For Guaranteed jobs, universal basic incomes, public finance and more. І такі выбар мэтавае групы можа падацца дзіўным, бо, паводле некаторых дадзеных, у сучаснай Амерыцы 29% прадпрымальнікаў якраз належаць да пакалення «тысячагоднікаў». Гэта актыўныя і амбітныя людзі, якія матываваныя (калі і не ў першую чаргу, дык у тым ліку) падвышэннем сваіх прыбыткаў. Маерсан жа ім кажа: я адбяру ў вас і вашыя прыбыткі, і вашую мэту. Я, кажа ім Маерсан, перадам усю адказнасць за вашае жыццё і маёмасць дзяржаве, ператварыўшы вас у аб'екты дзяржаўнай палітыкі, без магчымасці неяк аспрэчыць такое становішча. Бо калі вы паспрабуеце гэта зрабіць, вы ператворыцеся ў «чужых»: тых самых тлустых катоў, банкіраў, палітыкаў, якія крадуць у людзей іх будучыню. І людзі вам гэтага не даруюць.

Што, скажаце, усё адбываецца дакладна наадварот? Што гэта Маерсан хоча пазбавіць людзей будучыні, адабраўшы ў іх маёмасць і сэнс існавання? А вы паспрабуйце паспрачацца і пераканаць людзей у гэтым.

Любы папуліст і дэмагог кшталту Маерсана зыходзіць з таго, што людзі — ідыёты.

Яны могуць павесціся на любыя разважанні наконт «сацыяльнае несправядлівасці», калі ў іх кішэнях грошай меней, чым у суседа. Таму й даводзіцца чуць меркаванні ад інвестыцыйна дасведчаных людзей, што надыходзіць эпоха сацыялізму.

Аднак жыццё ў Беларусі навучыла мяне аптымізму. Не думаю, што людзі да такой ступені неразумныя. Дый астатні свет намякае на гэта. Пад артыкулам Маерсана ўжо 10 тыс. каментаў. І значная іх частка належыць апанентам «поўнага камунізму». Нават у Венесуэле, дзе на такую ідэю працуе ўся моц дзяржаўнай прапаганды, вынікі выбараў паказваюць, што людзям цяжка задурыць галаву. Галоўнае — даць ім права выбару. Памылкі ў гэтым выбары, канечне, будуць. Але калі права выбару не адбіраць, гэтыя памылкі можна будзе выправіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?