Дзеці савецкіх партыйных работнікаў нячаста займаюцца творчасцю і дасягаюць у ёй поспехаў. Адно з выключэнняў – Інэса Слюнькова.

Яна другая дачка Мікалая Мікітавіча Слюнькова, які ўзначальваў БССР у 1983-1987 гадах і запомніўся замоўчваннем наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Яе муж, паэт Пятро Кошаль са Слуцка, працаваў у выдавецтве «Советскій пісатель» і спрыяў перакладам беларускіх пісьменнікаў на рускую мову.

Інэса Слюнькова абараніла доктарскую дысертацыю па архітэктуры.

Пэўны час Інэса Слюнькова з’яўлялася галоўным архітэктарам музеяў Маскоўскага Крамля. Цяпер працуе ў Навукова-даследчым інстытуце тэорыі і гісторыі выяўленчага мастацтва Расійскай акадэміі мастацтва.

Яна аўтар трох кніг, прысвечаных беларускай архітэктуры: «Архитектура городов Верхнего Приднепровья ХVІІ — середины ХІХ веков» (Мінск, 1992), «Монастыри восточной и западной традиции: наследие архитектуры Белоруссии» (Масква, 2002) і «Храмы и монастыри Беларуси XIX века в составе Российской империи. Пересоздание наследия» (Масква, 2010).

Слюнькова атрымае ўзнагароду менавіта за гэтыя кнігі.

Акрамя яе, прэміяй будуць адзначаны народны мастак Беларусі Іван Міско (за серыю скульптурных твораў, прысвечаных заваёўнікам космасу, а таксама за стварэнне помніка пісьменніку Сяргею Аксакаву) і народны артыст СССР Уладзімір Зельдзін. 98-гадовая зорка тэатра і кіно атрымае прэмію за ролю Дон Кіхота ў мюзікле «Чалавек з Ламанчы» (Цэнтральны акадэмічны тэатр Расійскай арміі).

Урачыстае ўручэнне прэмій адбудзецца сёлета на «Славянскім базары» у Віцебску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?