Фота БелТА.

Фота БелТА.

Спартоўцы кажуць, што гэта смешна. Хакеісты-ветэраны-аматары з прэзідэнцкай каманды атрымалі званні заслужаных майстроў спорту Рэспублікі Беларусь — і сапраўдным спартоўцам такая навіна здалася смешнай.

Бо гэта як чалавеку, што часам укручвае дома лямпачкі, прысвоіць званне заслужанага энергетыка.

Як скнару-цешчу ўзнагародзіць званнем заслужанага эканаміста.

Як дзеяча, які ўмее напісаць на плоце вядомае слова з трох літар, назваць пісьменнікам.

Гэта смешна, таму што ў савецкі час «заслужаных» давалі ТОЛЬКІ алімпійскім чэмпіёнам!

Уладзімір Парфяновіч — заслужаны майстар спорту. Трохразовы алімпійскі чэмпіён, адзіны ў свеце байдарачнік, які выйграў тры залатыя медалі ў рамках адных Алімпійскіх гульняў.

Кацярына Карстэн — заслужаны майстар спорту. Першая і адзіная двухразовая алімпійская чэмпіёнка ў гісторыі незалежнай Беларусі, шматразовая чэмпіёнка свету ў веславанні на адзіночцы.

Віталь Шчэрба — заслужаны майстар спорту. Знакаміты гімнаст, шасціразовы алімпійскі чэмпіён, адзіны ў гісторыі неплывец, які выйграў шэсць залатых узнагарод на адных Гульнях, адзін з найлепшых гімнастаў усіх часоў, адзіны мужчына, які рабіўся чэмпіёнам свету ва ўсіх васьмі дысцыплінах — асабістым і камандным першынствах, а таксама на ўсіх шасці снарадах…

Не ведаю, якое зацьменне павіннае здарыцца, каб аднолькава ацэньваць заслугі перад спортам Віталя Шчэрбы, Сашы Герасімені, Дар'і Домрачавай, Сяргея Мартынава і гаспадара будаўнічых кампаній Паўла Белага.

Не ведаю, чым трэба кіравацца, каб у выніку паставіць у адзін шэраг спартоўцаў Аляксандра Глеба, Вікторыю Азаранка, Макса Мірнага і нейкіх Генадзя Савілава і Сяргея Задзяленава.

Урэшце, гэта цалкам супярэчыць беларускаму закону аб дзяржаўных узнагародах, які элементарна не дазваляе прысвойваць ганаровыя званні за траплянне ў пісуар або ў плявальніцу.

Так, артыкул 59 гэтага закона абвяшчае: «Ганаровае званне «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь» прысвойваецца спартоўцам, у тым ліку спартоўцам-інвалідам, за дасягненне высокіх вынікаў на Алімпійскіх, Паралімпійскіх і Сусветных гульнях, чэмпіянатах, першынствах і Кубках свету і Еўропы».

Напрыклад, крытэр «высокі вынік» — гэта ацэначны крытэр. Нехта можа сцвярджаць, што ўзнагароджваць трэба толькі за першае месца, за «золата», нехта — што само траплянне на Алімпіяду вартае ўзнагароды. Але ўсё астатняе абсалютна зразумела прапісана: для атрымання звання ЗМС як мінімум трэба хаця б не ўдзельнічаць у дваровых спаборніцтвах і не ў калядных і ўсякіх падобных шоу.

Гульцы прэзідэнцкага хакейнага клуба проста не ўдзельнічалі ў турнірах, за якія можа быць прысвоенае званне «Заслужаны майстар спорту». Яны не паказалі на іх ніякага выніку — ні высокага, ні нізкага, таму што іх там не было і быць не магло. Ні на Алімпіядзе, ні на Кубку свету, ні на першынствах Еўропы…

Яны, па вялікім рахунку, не спартоўцы. Яны — абслугоўваючы персанал. Яны — тыя, хто не дае кіраўніку дзяржавы сумаваць, хто і яго забаўляе, і сам забаўляецца, хто яму цешыць самалюбства і не забывае аб сваім. Як на мяне, яны больш падышлі б да намінацый «Сфера абслугоўвання» або «Заслужаны вынаходнік», але ніяк не ў катэгорыю «Спорт».

Даць званне заслужанага майстра спорту людзям, заслугі якіх перад спортам заключаюцца ў тым, каб па першым званку з'явіцца забаўляць прэзідэнта гульнёй у хакей, — гэта плявок у сапраўдных спартсменаў.

Гэта плявок у тых, хто праз пот і кроў, праз гады і дзесяцігоддзі цяжкіх трэніровак, праз траўмы, боль і цяжкую працу ішоў да сваіх перамог.

Гэта не смешна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?