фота з перадпаказу

У Купалаўскім тэатры адбыўся прэм’ерны паказ «Пана Тадэвуша».

Геніяльная паэма Адама Міцкевіча ўпершыню ўвасоблена на беларускай сцэне. У пастаноўцы дамінуе патрыятычны настрой. Але крыўдна, што герб «Пагоня» ўрэшце быў прыбраны з дэкарацый.

У эпізодзе, дзе ён мусіў з’явіцца на сцэне, героі размахваюць трыма сцягамі. На адным з іх польскі герб. На другім, калі не памыляюся, герб Гарадзенскай губерні. Трэці ідэнтыфікаваць не ўдалося. Магчыма, дапамогуць чытачы.

Уражвае пачатак спектакля.

«Забранзавелы» Паэт (Павел Харланчук), да якога завітвае Дзяўчына-эмігрантка (Валянціна Гарцуева), літаральна на вачах нараджаецца наноў і думкамі пераносіцца ў любую Літву.

Сцэнаграфія выбітная. Адчыняецца заслона, і на сцэне паўстае велічная белая брама (мастак Зіновій Марголін). Яна нагадвае трыумфальную арку, на фоне якой амаль згубілася самотная постаць аўтара паэмы.

Цягам усяго спектакля гэтая брама не пакідае сцэны, але ў кожнай новай дзеі яна набывае іншае пазнавальнае аблічча, ператвараючыся то ў парадныя вароты шляхецкай сядзібы, то ў вастрабрамскія муры Вільні, то ў паўразбураныя вежы Мірскага замка.

У нейкі момант, калі героі пачынаюць марыць пра адраджэнне былой велічы Вялікага Княства Літоўскага, прасвет белай брамы афарбоўваецца чырванню. (Дакладней, афарбоўваўся, бо пасля прагону спектакля перад міністрам культуры Святловым чырвоны колер замянілі на аранжавы.)

Дзеянне спектакля, як і паэмы Міцкевіча, пераносіць гледача ў 1811—1812 гады — час, калі шляхта захопленых Расеяй земляў Рэчы Паспалітай звязвала вялікія надзеі на вяртанне незалежнасці з перамогай Напалеона. Дзеля чаго яна адкінула спрадвечныя спрэчкі і звады ды гуртавалася ў шыхтах французскага імператара пад харугвамі са сваімі нацыянальнымі сімваламі — польскага Арла, жмудскага Мядзведзя, ліцвінскай Пагоні. Пасля прагону з міністрам культуры Пагоні не стала.

Прыгожая сцэна ёсць і ў пачатку, у якой студэнтка, захопленая лекцыямі Міцкевіча ў Калеж дэ Франс, паўтарае ягоныя словы: «На беларускай мове, якую называюць русінскай, альбо літоўска-русінскай… гаворыць каля дзесяці мільёнаў чалавек. Гэта самая багатая і чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана. У перыяд незалежнасці Літвы князі карысталіся ёю для сваёй дыпламатычнай перапіскі».

А вось іншая сцэна — з наборам беларускіх хлопцаў у рэкруты расейскага войска, якіх афіцэр адразу ж выпраўляе на той свет…

Але ў «Пану Тадэвушу» спрактыкаваны глядач можа пабачыць шмат і мінусаў. Першы — статыка.

Дынамічнасць дзеяння забяспечваецца галоўным чынам… кадрамі з фільма Анджэя Вайды «Пан Тадэвуш».

Другая загана — схематызм.

У спектаклі занятыя найлепшыя акцёры Купалаўскага тэатра. Але рэжысёр не дае ім аніякай магчымасці для самавыяўлення. У выніку на сцэне знаходзяцца не жывыя людзі, а носьбіты пэўнай рысы характару.

Калі казаць пра трэці мінус, дык пры поўнай статыцы і слабой распрацоўцы мізансцэнаў «Пан Тадэвуш» момантамі ператвараецца ў звычайнае дэкламаванне паэмы.

Часам дастаткова нуднае.

Можа быць, уся справа ў жанры паэмы, які цяжка пераносіцца на сцэну? Але ўвасабленне «Дзядоў» таго ж Міцкевіча, што ажыццявіў Тэатр Ч, сведчыць пра адваротнае.

Рызыкну выказаць меркаванне, што найвышэйшая планка, узятая Пінігіным у «Тутэйшых», «Сымону-музыку» і «Пінскай шляхце», засталася непераадоленай.

Зрэшты, каб ацаніць спектакль, трэба яго пабачыць. Два іншыя прэм’ерныя спэктаклі «Пана Тадэвуша» запланаваныя на 16 і 17 студзеня.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?