Экс-прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі зрабіў шэраг іранічных заўваг на адрас свайго пераемніка, дзейнага прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда, якога падазраюць у шлюбнай здрадзе, піша газета The Telegraph.
GETTY IMAGES
Па інфармацыі выдання, Нікаля Сарказі выказаў меркаванне, што Аланд выглядае «цалкам смешна» на фота, дзе ён у матацыклетным шлеме, відаць, выходзіць з кватэры сваёй палюбоўніцы.
Сарказі зларадна адзначыў, што ён, у адрозненне ад Аланда, добра абыходзіўся з Карлай Бруні.
Былы прэзідэнт Францыі адзначыў, што імкнуўся хутка аформіць афіцыйныя адносіны з Карлай Бруні, таму што не хацеў бачыць у прэсе няўдалыя фотаздымкі, зробленыя раніцай або пасля наступлення цемры.
«У той час як кожны чалавек мае права на асабістае жыццё, грамадскі дзеяч і прэзідэнт павінен быць асцярожны, каб не здавацца смешным», — цытуе выданне словы Нікаля Сарказі.
Былы прэзідэнт Францыі выказаў надзею, што, магчыма, інцыдэнт пакладзе канец усім «маралізатарствам» яго пераемніка.





