У Мінску падвялі вынікі анлайн-конкурсу беларускамоўных відэаролікаў «Крок наперад» і ўзнагародзілі пераможцаў.

Святочная імпрэза прайшла ў памяшканні арганізацыі «Blue Sky». Усяго на конкурс было прадстаўлена 12 работ, а ў галасаванні ўзялі ўдзел больш за паўтары тысячы чалавек.

Правесці такі конкурс прыдумаў 24-гадовы мінчук Юрась Юрчанка, у мінулым прафесійны футбаліст.

Па задуме арганізатараў,

пераможцы вызначаліся ў два этапы: адкрытым анлайн-галасаваннем і рашэннем журы конкурсу.

У склад журы ўвашлі Алег Хаменка, музыка, выкладчык, радыёвядоўца, лідар гурту «Палац»; Сяргей Гаранiн, намеснiк дырэктара Iнстытута мовы i лiтаратуры iмя Якуба Коласа i Янкi Купалы НАН Беларусi, Алесь Суша, намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Дзяржаўнай ўстановы «Нацыянальная бібліятэка Беларусі», Алесь Мазанік, менеджар культурніцкіх праектаў, кіраўнік сайта imbryk.by; Любоў Дударэвіч, рэжысёрка, акцёрка, удзельніца шматлікіх тэлепраектаў, Андрэй Палупанаў, рэжысёр, дырэктар КІУ «Майстэрня сацыяльнага кіно», заснавальнік Мінскай кінашколы-студыі, Алесь Плотка, журналіст, PR–менеджар кампаніі «Будзьма беларусамі!», Ілья Аксенаў, дырэктар інтэрнэт-крамы «LSTR Adziennie».

Па выніках анлайн-галасавання першае месца атрымаў ролік «Ведай свой род. Адрознівайся» (Кацярына Зубовіч),

другое – «Ты мой брат, каго зваць беларусам…» (Андрэй Корак) і трэцяе месца – «Ты размаўляй са мной па-беларуску!» (Павел Бушкоў).

Па выніках працы журы 1 месца атрымаў ролік ­«Вучы беларускую мову. Зараз ці ніколі!» (Павел Супаненка),

2 месца ­– «Станіслаў Манюшка» (Аляксандр Чахоўскі), а 3 месца, набраўшы пароўну галасоў, падзялілі два ролікі:

«Зрабі крок наперад!» (Яўген Русялевіч) і «Простыя словы» (Юлія Стрыга).

Спецыяльным прызам ад сайта imbryk.by была адзначаная работа Хватана Сумленнага «Антыдэпрэсант. Вось так і жывем!»

Пасля ўрачыстага ўзнагароджвання

Алесь Мазанік прапанаваў да прагляду ролік, дасланы беларускамоўнай іспанкай Ангелай Эспіносай, якая заспявала «Пагоню»

на словы Максіма Багдановіча і заклікала беларусаў да вывучэння роднай мовы.

Памятнымі прызамі былі адзначаныя ролікі «Змяні маршрут свайго жыцця!» (Міцура Вольга), «Крок наперад» (Рыгор Шабека), «Толькі песня» (рэп-гурт «Сяляне», Мікашэвічы), «Зрабі крок наперад!» (Вераніка Гілевіч).

Як адзначыў адзін з чальцоў журы Алесь Суша, для яго было вялікім гонарам узяць удзел у працы праекта: «Важна не пабаяцца зрабіць крок наперад. Такая ініцыятыва вартая больш чым проста падтрымкі, гэтыя людзі могуць быць прыкладам для іншых беларусаў!»

Арганізатары і сябры праекта выказалі вялікі спадзеў, што ён атрымае працяг і развіццё з мэтай пашырэння беларускай мовы і культуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?