Мы, выпускнікі ЕГУ, надзвычай занепакоеныя той няпростай сітуацыяй, якая склалася ў нашым універсітэце.

Перш за ўсё мы хочам выказаць шчырую падзяку ўсім супрацоўнікам універсітэта, якія працавалі над праектам ЕГУ ў Мінску і якія пазней здолелі паспяхова адрадзіць універсітэт у Вільні.

Сёння ЕГУ зноў знаходзіцца ў стане трансфармацыі, што выклікана неабходнасцю адпавядаць сучасным літоўскім і міжнародным стандартам адукацыі. У СМІ з'явілася нямала паведамленняў, якія сведчаць пра існаванне супрацьстаяння ўнутры ўніверсітэта. Адміністрацыя прыкладае намаганні па аптымізацыі менеджменту, кадравай палітыкі і бюджэту навучальнай установы. У гэты ж час істотная частка выкладчыкаў заяўляе пра сваю адлучанасць ад працэсу прыняцця рашэнняў ва ўніверсітэце.

На жаль, дыскусія адносна таго, якой мае быць будучыня ЕГУ, прымае небяспечную форму. Гэта, у сваю чаргу, негатыўным чынам адбіваецца на навучальным працэсе, іміджы ўніверсітэта і выніках уступнай кампаніі. Нам балюча назіраць, як унікальны адукацыйны праект няславіць сваю рэпутацыю.

Мы асобна звяртаем увагу на тое, што ў апошнія гады ва ўніверсітэце сфармаваўся сапраўды ўнікальны педагагічны асяродак. Гэта выкладчыкі высокага ўзроўню, якія прапанавалі нам адрознае ад афіцыйна-дзяржаўнага стаўленне да адукацыйнага працэсу і асобы студэнта. Дзякуючы ім мы навучыліся крытычна мысліць, знаходзіць творчыя падыходы і ўсведамляць сваю адказнасць перад беларускім грамадствам. Мы давяраем нашым выкладчыкам, а таксама спадзяемся, што ў выніку рэформаў для іх будуць створаныя ўсе неабходныя ўмовы для педагагічнай і навуковай дзейнасці.

Мы заклікаем кіраўніцтва ЕГУ звярнуць пільную ўвагу на існаванне ўнутраных супярэчнасцяў ва ўніверсітэце, а таксама стварыць больш спрыяльныя ўмовы для таго, каб розныя галасы маглі быць пачутымі.,

Мы заклікаем усе бакі канфлікту адмовіцца ад прыватных амбіцый і катэгарычных фармулёвак. Памятайма пра нашую асаблівасць. Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт заўжды годна пераадольваў выпрабаванні; у значнай ступені дзякуючы таму, што нас аб’ядноўвала агульная «ідэя Універсітэта». Няхай так будзе і надалей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?