Капліца — … невялікае збудаванне… ў выглядзе помніка, ці на росстанях, на крыніцах…»
Уладзімір Даль

Ужо і не памятаю, на каторым дзяржаўным тэлеканале натрапіў на чарговае кіно пра Цітовічаў. Глядзеў з сярэдзіны, без асаблівай цікаўнасці, бо такое аднолькавае, прыпудранае дазволеным зместам, кіно было не адно. Сёлета, мусіць, здымуць нешта яшчэ. Набліжаецца стагоддзе Першай сусветнай вайны, і можна прадбачыць, што без ухвалення Цітовічаў усплёск дзяржаўнага патрыятызму не абыдзецца. Між тым іх жыццё, яго цяжкі крыж і ўзнёслы сэнс да такога патрыятызму не маюць аніякага дачынення…

Больш за палову гэтага жыцця прайшло ў невялічкай, менш за два дзясяткі двароў, вёсцы Заброддзе на Вілейшчыне. Тут Барыс, малады па тым часе мастак, пасяліўся разам з жонкай Валянцінай, тэатральным рэжысёрам па адукацыі і прызванні, а яшчэ працаўніцай і верным сябрам па таленце сваёй чалавечай існасці.

З архіва аўтара

З архіва аўтара

У Заброддзі ж нарадзіўся сын Даніла, ужо таксама мастак, скульптар, майстра па любым механізме, дрэве і жалезе, але найперш, безумоўна, сын…

Грамадская цікавасць да жыцця Цітовічаў, што выяўлялася ў газетных публікацыях і дакументальных фільмах, накатвала хвалямі, але без асаблівай практычнай карысці для іх спраў. Спачатку яна выклікалася экзатычнасцю факта: гараджане па паходжанні і выхаванні, яны самі, без дзяржаўнага прымусу, з’ехалі ў вёску, што, з аднаго боку, выклікала падазронасць і абгаворы, а з другога — лічылася подзвігам і працягам народніцкіх традыцый.

Насамрэч, яны шукалі сябе ва няўдзеле ў хлусні – так сфармуляваў крэда сумленнага савецкага чалавека, магчымасць заставацца сумленным Салжаніцын. Як у рэшце рэшт імперыя выкарыстала пісьменніка, прыстасавала да сваіх патрэбаў, добра вядома. Калі ён памёр, нават кіраўнік Беларусі, дзе дзяржыншчына на кожным кроку, паспачуваў «родным и близким выдающегося писателя и общественного деятеля»…

У мяне няма права сцвярджаць, што Цітовічы ўсвядомлена шукалі сэнс Богам дадзенага ім жыцця менавіта паводле Салжаніцына. Але як мала хто на пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя, яны не збаяліся бездані той праўды, што адкрылася іх пакаленню, не спужаліся яе касмічнай вышыні. І вельмі хутка, калі не адразу, няўдзел у хлусні стаўся для іх немагчымым без удзелу ў праўдзе.

Свой удзел у праўдзе яны знайшлі ў вясковых дзецях, старых, зямлі, гісторыі і мастацтве.

Стварыўшы выяўленчую студыю і вандроўны лялечны тэатр «Ялінка», Цітовічы спасцігалі праўду разам з дзецьмі.

Пасадзіўшы на беразе Нарачанкі гай, дзе кожны дубок, кожная бярозка — імя і памяць пра ветэрана сусветных ды іншых войнаў, яны вучыліся праўдзе ў Гісторыі. Растуць у гэтым гаі і дрэвы, што пасадзілі Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч, — у іх яны таксама вучыліся праўдзе.

Узваліўшы на сябе ўвесь клопат аб забродскіх старых, яны спасцігалі кроўную сувязь з іх зямлёй, прыпалі да яе, а потым і яна пранікла ў іх душу, таксама стала іх праўдай. І калі ў блізкім лесе яны знайшлі ўсё тое, што засталося ад колішніх шпітальных могілак, дзе хавалі загінулых і памерлых ад ранаў жаўнераў Першай сусветнай, яны аднавілі магілы, вырвалі з забыцця імёны, склалі з камянёў помнік, усталявалі крыжы…

Крыжы на былых могілках, дзе калісьці хаваўся нейкі ракетны дывізіён…

Было тое на мяжы савецкіх часоў з найноўшымі. А сёння галоўны іх і, здаецца, пажыццёвы клопат — завяршыць стварэнне музея Першай сусветнай вайны. Глабальны праект, што ахоплівае тэрыторыю ад Вілейкі да Смаргоні і Нарачы. Так званы «тэатр вайсковых дзеянняў»…

Вось пытанне: як скарыстаецца гэтай саматужнай, часам сізіфавай, працай улада? Як скарыстаецца праваслаўная царква, якая блаславіла пачынанне, але нічым, па сутнасці, не дапамагла? Калі не лічыць прэміі «За духоўнае адраджэнне», каторая царкве і вярнулася, — уся яна пайшла на будаўніцтва капліцы.

Хто насамрэч дапамагае Цітовічам у іх справах — гэта людзі. Мастакі і свяшчэннікі, артысты і музейныя работнікі, вайскоўцы і краязнаўцы, вясковыя людзі з Заброддзя ды розных іншых мясцін, нават дзеці… Магчыма, я памыляюся, але цягам нашага саракагадовага сяброўства заўсёды адчуваў, як улады, няважна якія, палохаюцца ўпартасці Цітовічаў, з якой яны дамагаюцца праўды, іх моцнага магнетызму, з якім яны прыцягваюць да ўдзелу у праўдзе простых людзей.

Дык скарыстаюцца? Несумненна. І там, дзе зраўняў з зямлёй шпітальныя могілкі згаданы ракетны дывізіён; і там, дзе бульдозер уціскаў у асфальт косткі ахвяр той вайны, а сёння Цітовіч паставіў помнік; і там… Там адбудзецца крывадушнае спалучэнне малітвы аб ратаванні душ тых ахвяр са «славой русского оружия» і «непарушным славянскім адзінствам»…

Між тым ва ўсім, што зрабілі і робяць Цітовічы, аніякай «славы», аніякай афіцыёзнай героікі, аніякага імперскага патрыятызму няма. А ёсць толькі цяжар памяці, смутку і праўды…

Адважуся сцвярджаць, што падобны цяжар непад’ёмны не толькі для ўлады, але і для шмат каго з нас, хто імкнецца, у лепшым выпадку, да няўдзелу ў хлусні, але бяжыць, як чорт ладану, удзелу ў праўдзе.

Цяжар, у тым ліку, літаральны, у выглядзе бярвення, якое Цітовіч узносіў на будоўлю капліцы і званіцы побач з гаем на беразе Нарачанкі.

З архіва аўтара

З архіва аўтара

Капліцы і званіцы, у бярвёны якіх увайшоў не толькі боль душы, але і боль спіны, надарванай яшчэ на ўзвядзенні ветранога млына ў знакамітых «Дудутках»…

Капліцы і званіцы, ад якіх струменіцца ў Нарачанку празрыстая крынічка з жаўнерскай конаўкай на ланцужку.

Як ствараюцца помнікі. Дзяды 1991 год. Здымкі Сяргея Глобы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?