Раманюк стаў героем спектакля ў Філармоніі.
Сваё жыццё Міхась Раманюк правёў у вандроўках па Беларусі.
Вынікам стаў альбом «Беларускае народнае адзенне».
Разам з гуртам сяброў Раманюк належаў да плеяды сапраўдных беларускіх «перасоўнікаў».
Справу бацькі працягвае сын Дзяніс.
Часы былі брэжнеўскія, нацыянальнае мусіла знікнуць, саступіць месца агульнай савецкай культуры. Менавіта ў тыя гады Міхась Раманюк абышоў усю Беларусь, збіраючы народныя касцюмы, а таксама творы народнага мастацтва.
Вынікам вандровак стаў агромністы альбом «Беларускае народнае адзенне» (выйшаў у 1981-м). На падставе строяў Раманюк вызначыў пяць этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі: Заходняе Палессе, Усходняе Палессе, Падняпроўе, Цэнтральную Беларусь, а таксама Панямонне і Падзвінне. Калі здарылася Чарнобыльская аварыя, Раманюк працаваў у Хойніцкім раёне. Праз дзесяцігоддзе, у 1997-м, ён памёр ад анкалогіі.
Ягоны сын Дзяніс працягвае справу бацькі: ён фатограф і антраполаг. А дачка Алеся таксама стала мастацтвазнаўцам. Нядаўна яна ўзяла шлюб з маладафронтаўцам Міколам Дземідзенкам і нарадзіла дзіця…
Тое, што Ларысу Сімаковіч, зацікавіла постаць Раманюка, невыпадкова.
Кампазітар, балетмайстар і рэжысёр, Сімаковіч ладзіць праекты, у якіх нязменна выводзіць на першы план адносіны выбітнага творцы з уладай і грамадствам.
Яна ўздымала гэтыя праблемы ў сучаснай містэрыі «Дзень Максіма Багдановіча», рок-оперы «Песня пра долю» Мулявіна (як рэжысёр) і rondo-оперы «Люцыян Таполя», прысвечанай 100-годдзю Максіма Танка (як аўтар музыкі).
Праўда, калі вобразы ў ранейшых спектаклях былі цэльныя, то постаць Раманюка драматургічна слабейшая.
Галоўны герой спектакля-гімна, Вандроўнік (Сяргей Лапаніцын), шукае адказы на пытанні пра сэнс жыцця ў кніжнай спадчыне. А знаходзіць іх у неспазнаным і неабдымным сялянскім свеце.
Жыхароў вёскі, якая існуе шмат у чым адасоблена ад усяго свету, увасабляюць артысты фальклор-тэатра «Госьціца», этнагурту «Горынь», этнасуполкі Універсітэта культуры, студэнты Беларускай акадэміі мастацтва (музыка гучыць у выкананні Дзяржаўнага камернага аркестра).
Сялянскія традыцыі і звычаі, увасобленыя праз сінтэз танцаў і спеваў, ствараюць атмасферу сапраўднага беларускага космасу.
Сімаковіч успрымае асобу Раманюка як вялікага чалавека, хоць і не адлюстраванага ў грамадскай свядомасці.
«Калі нацыя раптам знікне, яе можна будзе адрадзіць па тваёй кнізе», — кажа Вандроўніку Птушка (Юлія Сліўкіна), якая ўвасабляе і музу падарожніка, і душу народа.