Пра гэта паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў 3 лютага падчас відэабрыфінгу.
«На гэтым тыдні надвор'е кардынальна памяняецца. У Беларусі завяршыўся перыяд моцных маразоў. Уладу над надвор'ем возьме Атлантыка, і да нас пачне паступаць больш цёплае і вільготнае паветра. Зіма паступова вернецца да мяккага варыянту, надвор'е стане вільготным і слотным», — сказаў Рабаў.
Паводле яго слоў, першую палову тыдня надвор'е будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, чакаецца пераважна без ападкаў. Ноччу і раніцай месцамі слабы туман. На асобных участках дарог галалёдзіца.
У аўторак тэмпература паветра мінімальная ноччу мінус 8—15°С, пры праясненнях па паўднёвым усходзе мінус 16— 20°С, максімальная днём мінус 2—8°С.
У сераду тэмпература паветра мінімальная ноччу мінус 7—13°С, па ўсходзе пры праясненнях да мінус 16°С; максімальная днём мінус 1—7°С, у крайніх паўднёва-заходніх раёнах каля 0°С.
У чацвер без істотных ападкаў, днём месцамі па паўднёвым захадзе рэспублікі кароткачасовыя ападкі (галоўным чынам мокры снег), слабы галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра мінімальная ноччу мінус 4— 10°С, па ўсходзе да мінус 12°С; максімальная днём 0 — мінус 5°С, па паўднёвым захадзе рэспублікі плюс 1—3°С.
«Наперадзе далейшае пацяпленне, якое стане візітнай карткай другой паловы тыдня. Ізноў усталюецца заходні перанос паветраных мас і на ўсход накіруецца цёплае паветра з Атлантыкі», — сказаў сіноптык.
У пятніцу тэмпература паветра мінімальная ноччу мінус 3—9°С, па паўднёвым захадзе 0 — мінус 2°С; максімальная днём ад мінус 3°С па паўночным усходзе да плюс 3°С па паўднёвым захадзе. Ноччу на большай частцы, днём месцамі ападкі (снег, мокры снег, па паўднёвым захадзе з дажджом). У асобных раёнах туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца.
На выхадныя актыўныя атмасферныя франты з заходняй Еўропы прынясуць у многія раёны Беларусі ападкі (мокры снег, дождж). Месцамі згусцеюць туманы, магчымы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер паўднёва-заходні ўмераны. Тэмпература паветра мінімальная ноччу ад мінус 7°С па паўночным усходзе да плюс 2°С па паўднёвым захадзе краіны, максімальная днём мінус 2 — плюс 4°С.