На сайце NN.BY публікаваўся артыкул Дзяніса Марціновіча «Пяць прычын, па якіх беларускі выбіраюць абцасы». Цікава было даведацца меркаванне мужчыны пра гэта! Але ж самі жанчыны дакладней адкажуць, чаму яны абіраюць абцасы.

Міф першы. Прыгажосць: «назіранне за дзяўчынай на абцасах… — эстэтычная асалода для любога хлопца».

Па­першае, не для любога. Далёка не ўсе мужчыны «вядуцца» на гламурных прыгажунь. Ёсць хлопцы, якія хочуць бачыць у сваёй дзяўчыне партнёрку (па паходах, па жыцці), а не лялечку на абцасах, якая пасля паўгадзіны хадзьбы кажа, што стамілася.

Апранаюцца жанчыны… для іншых жанчын! Ну, ці для сябе любімых.

А псіхолагі кажуць: першае, на што звяртаюць увагу хлапцы, пабачыўшы дзяўчыну, — гэта яе вочы.

Міф другі. Вертыкальныя лініі: «Абцасы аптычна павялічваюць рост гаспадыні».

Іван Ефрэмаў у сваім творы «Лязо» апісваў у эвалюцыйным ключы ідэал жаночай прыгажосці. Доўгія ногі ў такой тэорыі выдавалі ў жанчыне добрую бягунню, адпаведна, павялічвалі верагоднасць выжывання яе самой і яе дзяцей. Але спытайце любую жанчыну, ці жадала б яна быць вышэйшай за свайго мужчыну?

Міф трэці. Традыцыя: «Малыя дзяўчаткі бачаць, што на абцасах ходзяць іх старэйшыя сёстры, мамы..»

Вось гэта праўдзівая і асноўная, на мой погляд, прычына, чаму беларускія жанчыны абіраюць абцасы.

Міф чацверты. Савецкая традыцыя.

З гэтым можна паспрачацца. Узоры «сэксуальнага» адзення савецкія жанчыны маглі пабачыць хіба што ў рарытэтным часопісе «Бурда».

Міф пяты: няроўнасць паміж мужчынамі і жанчынамі: «Выбіраючы абцасы, жанчыны міжволі прымушаюць мужчын ісці на саступкі».

Тут культывуецца думка, што мужчынам не падабаюцца разумныя жанчыны. Далей спадар Марціновіч прыводзіць у прыклад студэнтак, якія, нічога не ведаючы, апранаюцца на экзамен, як перад выхадам на стрып­сцэну.

Жанчыны абіраюць абцасы, каб быць прыгожымі. Ідэалы прыгажосці закладаюцца асяроддзем і СМІ, з часам мяняюцца.

Цікава, што ў Старажытным Егіпце абцасы насілі і мужчыны, і жанчыны. У Еўропу абцасы трапілі з Персіі ў ХVІ стагоддзі і спачатку былі элементам мужчынскага строю…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?