«Дарогі, вечныя дарогі…» – радок Якуба Коласа даў назву творчай вечарыне, што адбудзецца ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа 6 лютага а 17-й гадзіне ў рамках традыцыйнага музейнага праекта «Творчыя сем’і ў доме Коласа».

Ва ўтульную гасцёўню Коласавага дома гэтым разам запрошана таленавітая, творчая сям’я Мушынскіх.

Міхась Мушынскі – вядомы беларускі вучоны. Доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук, ён шмат гадоў захоплена вывучае творчую спадчыну Якуба Коласа. Адна з апошніх фундаментальных кніг даследчыка – «Летапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа».

Тамара Мушынская– педагог і метадыст, кандыдат педагагічных навук. Аўтарка шасці кніг, у тым ліку працы «Беларуская літаратура 20-40-х гадоў ХХ стагоддзя» (Мінск, 2000), шматлікіх артыкулаў.

Таццяна Мушынская, дачка Міхася і Тамары Мушынскіх, пісьменніца, журналістка, тэатральны крытык. У літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа пройдзе сустрэча з пісьменніцай. Вечарына павінна прадставіць яе ў нечаканым святле. У адным з залаў музея адбудзецца адкрыццё выставы яе фотаработ (серыі «Мора, дрэвы, камяні» і «Гарады свету»).

Фатаграфаваннем Таццяна захапляецца даўно, вывучала гэты прадмет на факультэце журналістыкі. У пэўны момант назапашанае захацелася прадставіць гледачу. Серыя «Мора, дрэвы, камяні» адлюстроўвае адметныя краявіды з падарожжаў па Крыме і Балгарыі. А серыя «Гарады свету» яднае работы, зробленыя ў Празе, Вене, Амстэрдаме, Варне, Парыжы. Кожны раз аўтар імкнулася знайсці нечаканы і свежы ракурс, каб перадаць пэўны эмацыйны стан, сваё захапленне гармоніяй прыроды і прыгажосцю архітэктурных шэдэўраў. 

У межах сустрэчы адбудзецца і прэзентацыя новага зборніка прозы пісьменніцы. Кніга «Джульета і экстрасэнс» выйшла напрыканцы 2013 года ў «Мастацкай літаратуры» і змяшчае чатыры аповесці, апавяданні і мініяцюры. Героі гэтых твораў – нашы сучаснікі, сярод якіх пераважаюць прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. З асаблівай цікавасцю даследуе аўтар свет жаночай душы. У цэнтры кожнай аповесці і апавядання – адметны жаночы вобраз, хвалюючая, часам драматычная гісторыя кахання.

Падчас вечарыны выступіць узорны хор «Ветрык» Дзіцячай музычна-мастацкай школы мастацтваў № 1 г. Мінска (дырыжор Вера Дабравольская). Свае новыя творы прэзентуюць вядомыя беларускія кампазітары Аліна Безенсон і Дзмітрый Даўгалёў.

Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0