Меркаваны сцэнар фільма «Авель» нарабіў шуму ў інтэрнэце, аднак наколькі выкладзены тэкст адпавядае сюжэту будучага фільма?

«Наша Ніва» паразмаўляла са сцэнарыстам «Авеля» расейцам Раманам Макушавым, які цяпер жыве ў Лос-Анджэлесе, пра тэорыі змовы і дакументальныя хронікі Плошчы.

«Наша Ніва»: Як вы апынуліся ў ЗША?

Раман Макушаў: З дзяцінства адчуваў у сабе пісьменніцкае прызванне, а пасля гэты імпульс увасобіўся ў мару стаць кінадраматургам-рэжысёрам. Мой шлях да рэалізацыі мары расцягнуўся на шмат гадоў. Нейкі час у Маскве я займаўся навуковымі даследаваннямі ў лабараторыі практычнай псіхалогіі Усерасійскага НДІ фізкультуры і спорта. Праўда, пісьменнік ва мне перамог, і замест дысертацыі я апублікаваў мастацкую кнігу.

Праз некалькі год я паступіў у Лос-Анджэлескае аддзяленне кінаакадэміі NYFA на базе студыі Universal.

Для мяне гэта быў грандыёзны прарыў. Там я вывучаў кінадраматургію ў рэжысуру, сярод маіх настаўнікаў былі сцэнарыст «Сакрэтных матэрыялаў» Пол Браўн, рэжысёр «Гульняў розума» і «Кода да Вінчы» Рон Ховард, рэжысёр «Гадзіны пік» Брэт Ратнэр.

«НН»: Да «Авеля» на якіх праектах давялося працаваць?

РМ: Я найчасцей працаваў як гост-райтэр (ghost-writer), гэта чалавек, які піша пад чужым імем, найчасцей гэта імя нейкага раскручанага сцэнарыста. Гэта, бадай што, агульны этап для сцэнарыстаў-пачаткоўцаў да таго як цябе заўважаць і ацэняць. Напісаў такім чынам некалькі эпізодаў тэлесерыяла і адзін паўнаметражны праект.

«НН»: А на «Авеля» як трапілі?

На мяне выйшаў генеральны прадзюсар карціны і прапанаваў паўдзельнічаць у праекце. Я з радасцю згадзіўся. Гэта быў добры шанец праявіць сябе па-сапраўднаму.

Тады яшчэ «Авеля» як такога не было. У прадзюсараў была задума зрабіць нейкую агульначалавечую гісторыю на беларускім матэрыяле. Яны агучылі мне ўмовы конкурсу, што гэта павінен быць сцэнарый, які ахоплівае нейкія значныя беларускія падзеі. Была ідэя раскрыць канфлікт грамадзянскага супрацьстаяння на прыкладзе жыцця галоўных герояў, асэнсаваць прычыны існавання гвалту ў свеце. Я адразу сказаў, што хацеў бы асэнсаваць галоўны канфлікт будучай карціны ў плоскасці, прынцыпова процілеглай палітыцы - у плоскасці чалавечай душы. Адсюль і нарадзілася ідэя вывесці матэрыял сцэнарыя да міфалагічных глыбінь. У «Авелі» канфлікт існуе адразу ў трох плоскасцях: як чалавечы канфлікт паміж героямі, як канфлікт у грамадстве і як нейкі першапачатковы агульначалавечы канфлікт, адлюстраваны ў міфе пра Каіна і Авэля.

«НН»: Вы працавалі над тэкстам знаходзячыся па-за беларускім кантэкстам? Праз якія крыніцы вывучалі Плошчу-2010?

РМ: Я бы не сказаў, што быў па-за кантэкстам. Падчас працы над сцэнарыям я паўгода пражыў у Мінску, паездзіў па краіне, назіраў, як жывуць і чым дыхаюць беларусы, прысвяціў некаторы час пільнаму вывучэнню беларускай гісторыі. Больш за тое, я заўсёды з жывой цікавасцю сачыў за падзеямі найноўшай гісторыі ў Беларусі.

Падзеі 2010 і 2011 гадоў - пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў, выбуху ў метро, пратэсты праз сацыяльныя сеткі - усё гэта я адсочваў хоць і дыстанцыйна, жывучы ў Лос-Анджэлесе, але ў рэжыме рэальнага часу. Я вывучыў усё, да чаго дацягнуліся мае рукі: усе відэаматэрыялы, якія знаходзяцца ў вольным доступе ў сетцы, відэазапісы з камер назірання, аналітычныя артыкулы, дакументальныя фільмы.

«НН»: Якое дачыненне да фільма мае сцэнар, які з’явіўся ў інтэрнэце?

РМ: Гэта мой фінальны чарнавік. Наколькі ён будзе адрознівацца ад таго, што мы ўбачым у фільме, я не ведаю. Звычайна рэжысёр ўносіць нейкія свае карэктывы, не ведаю, наколькі яны будуць моцныя - з фінальнай рэжысёрскай версіяй я не знаёмы. Нешта таксама змяняецца ў ходзе акцёрскай імправізацыі падчас здымак. Спадзяюся, што ўсе наступныя змены зробяць фільм яшчэ больш поўным, насычананым, цікавым.

«НН»: У аснове сюжэта – тэорыя змовы. Наколькі гэта актуальная на Захадзе тэма?

РМ: Гэта вельмі модная тэма цяпер. Зразумела, тайнае таварыства ў сцэнары - гэта мастацкая метафара. Бачны вобраз, які выкрывае тое, што нябачна, што схавана глыбока ў нашых душах, тое, што дае магчымасць раскрыць унутраны агульначалавечы канфлікт унутры кожнага з нас.

«НН»: У канцы тэкста з’яўляецца персанаж вельмі падобны да Брэйвіка, чаму вы вырашылі ўвесці яго ў стужку?

РМ: Чалавекам 2011 года ў часопісе «Time» стаў абагульнены вобраз Пратэстоўцы, з-за ўсплёску пратэстных настрояў па ўсім свеце. Гэта і рэвалюцыі ў Тунісе і Егіпце, і грамадзянская вайна ў Лівіі, і рух «Occupy», і пратэсты ў Маскве, і ў тым ліку і Брэйвік. Я проста паспрабаваў адлюстраваць у фільме гэты зрэз часу, тым больш што гістарычныя падзеі ўступілі ў вельмі цікавую гульню з мастацкім выдумкай.

«НН»: Якой вы бачыце аўдыторыю «Авеля», ці будзе ён цікавы заходняму гледачу?

РМ: Прадзюсары першапачаткова не хацелі абмяжоўвацца беларускай аўдыторыяй і разлічвалі на масавага гледача па ўсім свеце. Таму мяне і запрасілі як чалавека, які мае веды наконт галівудскай кухні – як прадаць гісторыю сусветнай аўдыторыі. Я пісаў «Авеля» з прыцэлам на гэта. Спадзяюся, што гэты прыцэл захаваецца, і кіно будзе цікава не толькі беларусам, але і міжнароднай аўдыторыі.

«НН»: Якой вы ўбачылі краіну падчас жыцця ў Беларусі?

РМ: Беларусь выгадна адрозніваецца ад Масквы і Расіі ў цэлым. Гэта монанацыянальная і даволі кампактная дзяржава, што не можа не ўплываць на менталітэт людзей. Мне здаецца, галоўнае ў беларусах - гэта абвостранае пачуццё дома. Што ёсць наш агульны дом, наша зямля, якую трэба аберагаць… Мяне ўразіла чысціня і парадак на галоўных вуліцах Мінска. Вельмі спадабалася працавітая, шмат у чым вельмі еўрапейская, беларуская вёска. Беларусы прыветлівыя і прыязныя, хоць мне часам не хапала усмешак на вуліцах.

Прыемныя ўражанні засталіся і ад прадстаўнікоў закона. Беларуская міліцыя вельмі ветлівая, добразычлівая, падцягнутая, непадкупная. Люба-дорага глядзець. Наогул беларускія міліцыянты мне нагадалі лос-анджэлескіх паліцэйскіх у гэтым сэнсе. У цэлым Беларусь пакінула пасля сябе ўражанне еўрапейскай краіны, хай з няпростым мінулым, але добрай будучыняй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?