Сустаршыня групы «Зялёных» і « Еўрапейскага вольнага альянсу» ў Еўрапарламенце Рэбека Хармс заяўляе, нібыта Сяргей Арбузаў, Андрэй Клюеў і Мікалай Азараў маюць пашпарты грамадзян Аўстрыі. Пра гэта яна сказала падчас выступу ў Страсбургу.

«Арбузаў, Клюеў і Азараў — людзі, на якіх ляжыць адказнасць за гвалт і тэрор ва Украіне, — маюць пашпарты Аўстрыі і могуць вольна наведваць ЕС», — сказала Рэбека Хармс.

«Пра гэта мы даведаліся ад нашых аўстрыйскіх калегаў. Яны могуць свабодна выязджаць за межы краіны, тады як на іх ляжыць адказнасць за гвалт у Украіне», — распавяла еўрадэпутат ад Нямеччыны.

Рэбека Хармс заклікала кіраўніцтва ЕС увесці санкцыі супраць чыноўнікаў, адказных за гвалт супраць мірных грамадзян падчас масавых акцый пратэсту ў Украіне.

«Менавіта абмежавання іх ўезду ў ЕС ад нас патрабуе ўкраінскі народ. Гэтым асобам неабходна ўвесці вельмі строгі візавы рэжым. Затое грамадзянам трэба палегчыць гэты даволі складаны працэс прадастаўлення дазволаў на ўезд у ЕС», — адзначыла еўрадэпутат.

У сераду, 5 лютага, сітуацыю ва Украіне маюць намер разгледзець у час пленарнага пасяджэння Еўрапейскага парламента. У чацвер, 6 лютага, па выніках дэбатаў еўрадэпутаты плануюць прыняць адмысловую рэзалюцыю па ўкраінскім крызісе. Акрамя таго, на наступным тыдні ў Брусэлі адбудзецца нарада міністраў замежных спраў, на якой таксама абмяркуюць сітуацыю ў Украіне, паведаміла Украінская служба радыё «Свабода».

Пазней Азараў, Арбузаў і Клюеў абверглі інфармацыю, агучаную Рэбекай Хармс. Прэс-сакратар еўрадэпутаткі паведаміў, што яе заяву няправільна зразумелі. Падчас прэс-канферэнцыі яна сказала, што згаданыя вышэй службовыя асобы Украіны могуць мець аўстрыйскія пашпарты. Падцверджання гэтага яна на той момант не мела. Некаторыя ўкраінцы маюць бізнэс у Аўстрыі, і еўрадэпутатка разам з Партыяй Зялёных Аўстрыі зробіць афіцыйны запыт да ўраду Аўстрыі, каб высветліць, ці хтосьці з іх мае аўстрыйскі пашпарт, піша «Украінська правда».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру