Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад урада выпраўлення негатыўнай сітуацыі ў прамысловасці на працягу першага квартала гэтага года.

Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў па выніках нарады, што прайшла 4 лютага.

Лукашэнка даручыў яшчэ раз дэталёва прааналізаваць ва ўрадзе ўсе праблемныя пытанні і выйсці на прыняцце канкрэтных рашэнняў, якія дазволяць даць эканамічны эфект.

«Я не спрабую саскочыць і сесці ў іншую лодку. Мы ўсе ў адной лодцы тут сядзім. І я не магу дапусціць, каб у краіне пайшлі нейкія катаклізмы.

У нас не можа быць ніякіх катаклізмаў, апрача як па адной прычыне — стан эканомікі, у дадзеным выпадку — прамысловасці», — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Звяртаючыся да прэм'ер-міністра, кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што па выніках першага квартала гэтага года давядзецца адказваць за вынік.

«Я Вам даю поўныя правы для таго, каб гэту сітуацыю змяніць. Аж да кадраў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Рабіце ўсё, што Вы лічыце патрэбным, каб мне потым не сказалі, што ў Вас не хапала нейкіх паўнамоцтваў».

«Я кажу аб выкананні прагнозных паказчыкаў на гэты год. У аснове ляжаць складскія запасы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на недастаткова актыўную працу службовых асоб, замацаваных за канкрэтнымі прадпрыемствамі. «Вы нічога не рабілі там. Вы з'ездзілі туды, як вялікія начальнікі, пагаварылі з дырэктарам, сустрэліся з калектывам. А я вас туды паслаў канкрэтна заняцца вытворчасцю», — зазначыў Лукашэнка.

Нягледзячы на некаторыя станоўчыя тэндэнцыі, агульная сітуацыя зусім не радасныя, на што і звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Урад і кіраўніцтва прадпрыемстваў фактычна не выконваюць раней узятыя на сябе абавязацельствы.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кабякоў зазначыў, што з часу правядзення ў чэрвені 2013 года нарады ў кіраўніка дзяржавы ў коштавым выражэнні ў цэлым па прамысловасці складскія запасы ўдалося крыху знізіць.

Аднак за гэты ж перыяд вырасла знешняя дэбіторская запазычанасць, і калі ацэньваць у сукупнасці, то, наадварот, атрымліваецца рост. «Пакуль пералому не адбылося», — сказаў Андрэй Кабякоў.

Лукашэнка выказаў абурэнне тым, што ў гэтай сітуацыі асобныя кіраўнікі замест таго, каб займацца справай, шукаюць спосабы прыхарошыць на паперы рэальную сітуацыю.

«Каму гэта трэба, я не разумею? Галоўнае — гэта грошы за адгружаную прадукцыю».

Мясніковіч тлумачыў цяжкасці са зніжэннем складскіх запасаў дзвюма прычынамі: слабай канкурэнтаздольнасцю і няўменнем прадаваць прадукцыю.

«Мы сапраўды ў другой палове 2013 года крыху аслабілі адміністрацыйны націск за выкананне валавых паказчыкаў для таго, каб захаваць эканоміку прадпрыемстваў. Усе буйныя прадпрыемствы краіны, валастваральныя і горадаўтваральныя, спрацавалі з прыбыткам, хоць ён і невысокі», — зазначыў прэм'ер-міністр.

Што да замежнай дэбіторскай запазычанасці, Міхаіл Мясніковіч указаў і на станоўчыя, на яго думку, моманты ў гэтай сітуацыі. «Дэбіторская запазычанасць — гэта ўсё-такі тавар там, у і імпарцёра. І калі яе абнуліць або зрабіць мінімальнай, то туды прыйдуць іншыя вытворцы, і мы тады ўжо ніколі не трапім на рынкі гэтых краін, — сказаў ён. — Таму дэбіторская запазычанасць — гэта дрэнна, але гэта шанц, што мы атрымаем грошы ад кампаній і краін, якія імпартуюць нашу прадукцыю».

Увага Лукашэнкі была звернута яшчэ на адзін аспект: пачынаючы з 2012 года, зарплата на прампрадпрыемствах у Мінску расла непрапарцыянальна вынікам іх працы.

У гэтым плане міністр прамысловасці Дзмітрый Кацярыніч паскардзіўся на дэфіцыт рабочай сілы і спецыялістаў. Аднак Міхаіл Мясніковіч указаў на іншы бок медаля — адсутнасць належнай патрабавальнасці да кадраў.

Ёсць шмат фактаў, калі звольненыя за парушэнні працоўнай і вытворчай дысцыпліны рабочыя з лёгкасцю ўладкоўваюцца на іншыя прадпрыемствы. Аляксандр Лукашэнка на гэта заўважыў, што ўжо даваў адпаведныя даручэнні падчас наведвання ААТ «Керамін». «Што вы зрабілі пасля гэтага? Я ж ужо вам пра гэта сказаў публічна, прыняў палітычнае рашэнне», — зазначыў кіраўнік дзяржавы.

Віцэ-прэм'ер Пятро Пракаповіч мяркуе, што асобныя пытанні неабходна вырашаць на макраўзроўні: «Тое, што сёння нашы прадпрыемствы ў 3—4 разы больш плацяць за крэдытныя рэсурсы, чым у Расіі і Казахстане, гэта наша пытанне».

«Мяркую, што сітуацыя на рынку працэнтных ставак — гэта адлюстраванне сітуацыі ў эканоміцы. Таму пакуль эканоміка так будзе працаваць, працэнтныя стаўкі будуць вымушаны трымацца на гэтым узроўні», — зазначыў старшыня праўлення ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» Сяргей Румас.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?