У Магілёўскім абласным судзе 4 лютага пасля трохмесячнага разгляду абвешчаны перапынак на няпэўны тэрмін у пасяджэннях па крымінальнай справе былога старшыні Гомельскага гарвыканкама Віктара Піліпца. 

фота kp.by

фота kp.by

4 лістапада 2013 года Магілёўскі аблсуд пачаў разгляд крымінальнай справы, распачатай у дачыненні да службовых асоб Гомельскага гарвыканкама. Паводле даных Следчага камітэта, абвінавачваныя ў верасні—кастрычніку 2011 года незаконна размеркавалі паміж сабой, сваімі сваякамі, блізкімі і знаёмымі кватэры ў шматкватэрных жылых дамах, прынятых у эксплуатацыю ў студзені—красавіку 2011 года. Частка жылых памяшканняў была аформленая на падстаўных асоб. 

На лаве падсудных акрамя Піліпца — дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Гомеля Ігар Адарчанка, яго намеснік па эканоміцы і фінансах Валерый Барысевіч, начальнік жыллёва-інвестыцыйнага аддзела Антаніна Зелянок і начальнік планава-дагаворнага аддзела Ала Нізкоўская. Піліпец і Нізкоўская ўтрымоўваюцца пад вартай у Магілёўскім СІЗА. 

Як паведаміла сакратар суда Жанна Караткевіч, перапынак у судовым разглядзе справы быў абвешчаны на ўчарашнім пасяджэнні па хадайніцтве боку абвінавачвання. 

Паводле яе слоў, падсудныя Піліпец і Нізкоўская па-ранейшаму знаходзяцца пад вартай. Сакратар адзначыла, што, магчыма, пры аднаўленні разгляду справы спатрэбіцца дадатковы допыт сведак. 

Яна адмовілася паведаміць прычыну, па якой дзяржаўны абвінаваўца Дзяніс Кічыгін замаўляў аб перапынку ў судовых пасяджэннях. 

Дзяржабвінаваўца, у сваю чаргу, таксама адмовіўся пракаментаваць БелаПАН матывы, якія прымусілі яго прасіць аб перапынку. Пры гэтым ён пацвердзіў, што гэтае хадайніцтва зыходзіла ад яго. 

Раней Дзяніс Кічыгін паведамляў, што па справе праходзяць каля 60 сведак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?