Фургон DAF, які загарэўся сёння раніцай у Мінску, каля Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, перавозіў садавіну і гародніну, паведаміў БелаПАН памочнік начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Віталь Дэмбоўскі.
Нагадаем, раней відавочцы паведамілі, што каля 11 гадзін у раёне тэатра музкамедыі загарэўся грузавы аўтамабіль, які перавозіў балоны з газам, побач з якім відавочцы таксама бачылі чорны ад сажы тралейбус.
Паводле слоў Дэмбоўскага, у грузавіку былі сапраўды выяўленыя два газавыя абагравальнікі з балонамі. Прадстаўнік МНС адзначыў, што прычына пажару высвятляецца.
Ён падкрэсліў, што ўзгаранне адбылося ўсярэдзіне фургона, і на момант прыбыцця ратавальнікаў аўтамабіль гарэў адкрытым полымем. Цяпер агонь ліквідаваны. У выніку здарэння пашкоджаны грузавы адсек аўтамабіля, прадукцыя ў ім, а таксама лакафарбавае пакрыццё кабіны.
Пры гэтым Дэмбоўскі не пацвердзіў інфармацыю аб тым, што пры ўзгаранні пацярпеў тралейбус.





