Здымачная група праграмы «Маю права» здымала сюжэт у Мёрах. Незалежныя журналісты, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», Наста Рэзнікава, Аляксандр Пацееў і Сяргей Кручкоў здымалі сюжэт пра жыхароў мястэчка, якія засталіся без ацяплення.
Пакуль журналісты затрыманыя для высвятлення асобаў.
Міліцыянты патлумачылі журналістам, што «яны перабываюць у зоне вайсковых вучэнняў, пра якія інфармавалі медыі, таму прысутнасць журналістаў тут непажаданая».
Ужо тыдзень жыхары Мёраў жывуць без ацяплення. Іх інфармавалі, што гэта з прычыны аварыі, аднак, як удалося высветліць журналістам, справа ў вайсковых зборах. Цяпло перанакіравалі, каб абагрэць казармы, піша сайт тэлеканала «Белсат».
Як паведаміў НН афіцыйны прадстаўнік «Белсату» ў Беларусі Міхась Янчук, у РАУСе ў журналістаў узялі тлумачэнні.
Пасля журналістаў пад канвоем вывезлі з Мёраў і адпусцілі, прыгразіўшы, што калі тыя вернуцца, затрыманне будзе нашмат больш брутальным.





