Маніфест анарха-сіндыката Lyapis Crew у падтрымку альбома «Матрошка», які рыхтуецца да выхаду, апублікаваў 5 лютага на сваім афіцыйным сайце беларускі рок-гурт «Ляпіс Трубяцкі».

Матрошка была створана ў XIX стагоддзі як сімвал мацярынства і ўрадлівасці, нагадалі аўтары адозвы, аднак сёння, «як і многія іншыя самабытныя рускія сімвалы», яна ператварылася «ў кіч і лубок».

«Сённяшняя матрошка — гэта зборны вобраз «рускага» часоў халоднай вайны, — мяркуюць музыканты. — Мядзведзепадобная, п'яная і агрэсіўная істотна, якая пагражае свету хрушчоўскім туфлем і ракетамі, асвячонымі патрыярхальнымі багаборцамі.

Арбацкія спекулянты зляпілі матрошку-пярэваратня з бюстаў Сталіна і Леніна, павязалі на яе піянерскі гальштук і надзелі будзёнаўку. І гэтая пачвара з імперскімі амбіцыямі зноў пагражае нябачнаму ворагу, палохае дзяцей пятай калонай, ЦРУ і «фашыствуючымі гомасексуалістамі» Еўрасаюза. А каб чалавек не жыў сённяшнім, яму ў галаву ўбіваюць славутую Нацыянальную Ідэю!»

Артысты ў сваім маніфесце кажуць, што «простыя беларусы, украінцы, казахі і іншыя» хочуць «жыць сваім розумам», «сябраваць са сваімі суседзямі, а не толькі з братамі па зброі з любых ваенных блокаў», а таксама развіваць сваю мову, мастацтва і культуру. Ад імя гэтых народаў яны падкрэслілі, што «любяць і паважаюць Расію», але не хочуць, каб імі кіравалі «крамлёўскія тэхнолагі».

Пакуль народамі «кіруюць бандыты, гэбісты і самадзержцы», простыя людзі «будуць жыць бедна, забіта» і вінаваціць ва ўсіх бедах яўрэяў, нетрадыцыйныя сексуальныя меншасці, «марсіян, Амерыку, алігархаў, вахабітаў», словам, «усіх, апрача саміх сябе, сваёй улады і правіцеляў».

«Няхай матрошка зноў радуе сваёй усмешкай людзей на ўсёй планеце! Патушым агонь новай халоднай вайны ў зародку, пакуль не стала занадта позна», — заклікалі музыканты «Ляпіса Трубяцкога».

У новы альбом «Матрошка» ўвойдуць адзінаццаць рускамоўных кампазіцый, у ліку якіх аднайменная песня, а таксама сінглы «Танк» і «Танцуй», якія выйшлі раней. Рэліз альбома запланаваны на 1 сакавіка, у гэты ж дзень канцэртам у Варонежы (Расія) гурт пачне гастрольны тур у падтрымку «Матрошкі». Падчас тура музыканты дадуць канцэрты ў 16 гарадах Расіі, васьмі гарадах Украіны, а таксама ў Празе. Канцэрты ў Беларусі ці Літве артысты даваць не плануюць.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру