Айчынныя кампаніі заваёўваюць свет, але не прызнаюцца ў гэтым.

У чым феномен беларускага прыватнага бізнэсу? Адказ на гэтае пытанне даў эканаміст Павел Данэйка ў сваёй лекцыі, арганізаванай «Лятучым універсітэтам» і «ЕўраБеларуссю». Даследаванне, вынікі якога ён прадстаўляў, прысвечана «схаваным чэмпіёнам» — кампаніям, якія сталі лідарамі на сусветным ці еўрапейскім рынках, але застаюцца невядомымі на радзіме.

Што аб’ядноўвае гэтыя 32 кампаніі? Іх заснавальнікі стварылі свой бізнэс з нуля, арыентуюцца на продаж тавару за мяжу, а таксама ствараюць прадукцыю не для спажыўца, а для іншага бізнэсу. Усіх «схаваных чэмпіёнаў» аб’ядноўвае абсалютная сціпласць. «Толькі адна кампанія дазволіла назваць сябе, але пры ўмове, што артыкул пра яе будзе па-англійску, — тлумачыць Павел Данэйка. — Астатнія прасілі не згадваць сябе».

Пра гэты бізнэс мала ведаюць і грамадства, і ўлада, і статыстыка. Ёсць шэраг прычын, чаму так склалася.

Пра нацыянальны характар

«Беларускі бізнэс адрозніваецца па тыпажы ад украінскага і расійскага. Хто такі расійскі паспяховы бізнэсмен? Хадаркоўскі і Абрамовіч паўдзельнічалі ў прыватызацыі, але не стварылі інавацыйны прадукт і не прыдумалі новую бізнэс-мадэль. Гэтыя людзі зарабляюць грошы, а не служаць нейкай місіі, як Стыў Джобс з Apple ці Біл Гейтс з Microsoft.

А беларусы жывуць сваёй працай. Яны захопленыя ідэямі і пра свой прадукт могуць расказваць гадзінамі. Мэта ў іх адна — стаць лідарамі. І яны перакананыя, што могуць быць найлепшымі ў свеце.

Расійскія мільярдэры, зарабіўшы грошы, пачынаюць распіхваць іх у розныя месцы — купляюць рэстараны, футбольныя каманды… Але кіраваць такім бізнэсам не ўмеюць, таму кампаніі банкрутуюць.

Беларусы ж надзвычай сфакусаваныя. Яны не ствараюць паралельны бізнэс і ўкладваюць грошы ў сваю асноўную справу. Не шкадуюць грошы на даследаванні і заробкі інжынерам і канструктарам, ды і ў цэлым на павышэнне кваліфікацыі персаналу. І робяць дзясяткі вынаходніцтваў. Напрыклад, кампанія па выпуску коркаў для гарэлкі мае 18 патэнтаў на розныя тыпы прадукту!»

Пра асаблівасці стварэння

«Парадаксальна, але адсутнасць рэформаў у краіне і агрэсія ўладаў у адносінах да бізнэсу прывялі да стварэння канкурэнтаздольнага і эфектыўнага прыватнага сектару. Адсутнасць прыватызацыі не дазволіла найбольш эфектыўным беларусам зарабляць іншым шляхам, акрамя як прадпрымальніцкай дзейнасцю. Чалавек лянівы — калі можна зарабляць шмат грошай з мінімальнымі выдаткамі, ніхто не будзе рабіць больш складаныя рэчы». 

Пра прыбытковыя сектары

«Да поспеху прыводзіла вытворчасць тавараў, якіх не было ў СССР, напрыклад, жалюзі ці разнастайнай упакоўкі. Спачатку прадпрымальнікі пастаўлялі гэтую прадукцыю на постсацыялістычныя рынкі, а пасля самі арганізавалі вытворчасць. Выдаткі адразу ўдавалася скараціць на 15—30%, і расійскамоўны рынак быў імгненна захоплены.

Людзі, якія працавалі на машынабудаўнічых заводах, прыдумлялі ўнікальныя тэхнічныя ідэі для вузкіх рынкаў, на якіх не было буйных гульцоў. Яны захоплівалі нішу і паспяхова яе ўтрымлівалі.

Яшчэ адна група стваральнікаў — былыя аспіранты, навуковыя супрацоўнікі ваенна-прамысловага комплексу. Калі ў 1990-я лабараторыі перасталі прыносіць грошы, яны сыходзілі з напрацоўкамі. Першыя продажы рабілі ў Беларусі, а пасля пераключаліся на Захад. На расійскамоўным рынку яны атрымліваюць толькі 5—10% даходаў і ад унутранага рынку з кожным годам залежаць усё менш і менш.

А вось наменклатуры ці «прафесійных» камсамольцаў сярод гэтых прадпрымальнікаў няма. Тыя мелі арганізатарскія здольнасці, але ідэй па стварэнні прадуктаў у іх не было». 

Пра сціпласць

«Прадпрымальнікаў доўга «вучылі» сціпласці. Чым менш пра цябе ведаюць, тым менш падатковых праверак.

Але ў сціпласці ёсць і бізнэс-інтарэс. Прадпрымальнікі не хочуць, каб патэнцыйныя канкурэнты ведалі пра іх нішу і мелі спакусу атакаваць рынак. Гэтаксама «схаваныя чэмпіёны» паводзяць сябе па ўсім свеце. У Германіі і Скандынавіі вялізная колькасць сусветных лідараў у вузкіх нішах. І яны робяць усё магчымае, каб прэса пра іх не пісала.

Калі прадаваць дзверы з брэндам «Зроблена ў Беларусі», гэта павышае цану на расійскім і ўкраінскім рынках. Але прадаць нешта беларускае амерыканскаму паліцыянту складана. Цана на перамовах адразу зніжаецца: «Вы з жабрацкай краіны, вам хопіць грошай». Таму вытворцы маскіруюцца». 

Пра перспектыву

«Ва ўсіх «схаваных чэмпіёнаў» няўстойлівая эканамічная сітуацыя ў Беларусі стымулявала арыентацыю на замежжа. Поспех на замежным рынку прыносіў ім большую ўстойлівасць.

Што ў выніку мае ад гэтых бізнэсменаў Беларусь? Як мінімум, рост ВУП і дзясяткі тысяч высокааплатных працоўных месцаў. Але важна, што гэта людзі будучыні. Яны дораць надзею, што Беларусь зможа выкарыстаць іх вопыт і бачанне сітуацыі, каб сфарміраваць больш устойлівую будучыню для ўсёй краіны».

Павел Данэйка нарадзіўся ў 1961 у Мінску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ па спецыяльнасці «эканоміка». Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце эканомікі НАН Беларусі. У 1994 стаў адным з заснавальнікаў Інстытута прыватызацыі і менеджменту. У 1995—1996 — дэпутат Вярхоўнага Савета, сябар камісіі па эканамічнай палітыцы і рэформах. У 2007—2008 — рэктар Маскоўскай бізнэс-школы. З 2008 — дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра, з 2011 — дырэктар Бізнэс-школы ІПМ.

Беларусы ў бізнэсе — надзвычай сфакусаваныя. І робяць дзясяткі вынаходніцтваў. Напрыклад, кампанія па выпуску коркаў для гарэлкі мае 18 патэнтаў на розныя тыпы прадукту!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?