Канфлікт у Тэатры юнага гледача цягнецца з канца мінулага месяца.

24 студзеня мастацкая рада тэатра аб’явіла недавер дырэктару Мікалаю Казюліну. 25 студзеня прайшоў агульны сход.

Трупу абурыў той факт, што дырэктар узяў курс на стварэнне забаўляльнага прадукту. Акцёры хацелі б захаваць тэатр асветніцкім.

Акрамя таго, Казюлін прапанаваў скасаваць пасаду мастацкага кіраўніка, якую займаў рэжысёр Уладзімір Савіцкі. Па юрыдычным статусе гэтая пасада роўная дырэктару. З таго часу ТЮГ знаходзіцца ў віры падзей.

У СМІ прайшла інфармацыя, што дырэктар папрасіў прабачэння ў падначаленых і вырашыў сысці. Але сённяшні агульны сход калектыву паказаў, што Казюлін не збіраўся здавацца.

На сустрэчу завіталі чыноўнікі – Ігар Карпенка, віцэ-мэр Мінска і лідар пралукашэнкаўскай кампартыі, а таксама Віталіна Рудзікава, начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама.

Карпенка паведаміў, што пасада мастацкага кіраўніка будзе захаваная. А першай пастаноўкай тэатра ў новым будынку стане «Сінія птушка» Морыса Метэрлінка, якая прадэманструе ўсе тэхнічныя магчымасці новага будынка і новай залы. Менавіта ад гэтай пастаноўкі планаваў адмовіцца Казюлін.

Ігар Карпенка намаляваў аптымістычную карціну хуткага пераезду ў новы будынак, які запланаваны на лета, а пасля – пастаноўку новых спектакляў. Але аўдыторыя сустрэла гэтыя словы з абурэннем:«Вы не бачылі, як адкрываўся Купалаўскі тэатр? Што вы нам казкі расказваеце!».

Акцёры мелі на ўвазе, што для пераезду ў новы будынак і пераносу спектакляў на сцэну звычайна патрабуецца шмат часу.

Далей слова атрымаў Мікалай Казюлін, які зноў заявіў, што гатовы сысці са сваёй пасады, калі калектыў яму не давярае (першы раз ён заявіў гэта на сустрэчы ў гарвыканкаме). Калектыў сустрэў гэтыя фразы авацыяй. Але цалкам не паверыў Казюліну, бо падазрае яго ў падвойнай гульні.

Як на сходзе, так і ў кулуарах ТЮГаўцы скардзіліся, што дырэктар выклікаў да сябе акцёраў, выкручваў ім рукі і імкнуўся перавабіць на свой бок

(напрыклад, намесніку начальніка аднаго з цэхаў ён нібыта паабяцаў больш высокую пасаду. Зразумела, за падтрымку).

Уладзімір Савіцкі прывёў факт, калі Казюлін абвінаваціў яго ў палітыцы, якая нібыта прысутнічае ў дзіцячых спектаклях. У прыватнасці,

дырэктар знайшоў палітычны падтэкст у казцы «Тры парсючкі», разлічанай для дзяцей ад 5 гадоў. Казюліна збянтэжылі заклікі герояў будаваць дом на добрым падмурку.

У сённяшняй сітуацыі ТЮГу менш за ўсё патрэбныя канфлікты. У 2008 года тэатр выехаў са свайго будынку. Спектаклі адбываюцца на сцэне Дома літаратараў, а тэхнічныя службы знаходзяцца на ўскрайку горада — у будынку кінатэатра «Электрон» ля плошчы Казінца.

Супрацоўнікі запрасілі на невялікую экскурсію па памяшканню.

Усе службы месцяцца ў маленькіх пакойчыках, дзе надзвычай цесна і халодна. Дэкарацыі робяцца ў фае кінатэатра. А тэмпература ў сталярнай майстэрні наогул нулявая.

Супрацоўнікі просяць паспяшацца з рамонтам. І знайсці ім дырэктара, які будзе займацца гаспадарчымі пытаннямі і не будзе перашкаджаць ім у творчых справах.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру