Галоўнай інтрыгай цырымоніі адкрыцця Зімовай Алімпіяды ў Сочы было пытанне, ці запаліць алімпійскі агонь былая гімнастка Аліна Кабаева. Нагадаем, у сімпатыях да яе быў неаднаразова заўважаны прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.
Па інтэрнэце гуляў жарт: а што зрабіў для любімай жанчыны ты?
У фінальнай эстафеце агню ўзялі ўдзел Марыя Шарапава, Алена Ісінбаева, Аляксандр Карэлін і Кабаева. Але агонь запаліла не яна.
Гімнастка патрымала яго ў руках і перадала хакеісту Уладзіславу Траццяку і фігурыстцы Ірыне Радніной.
Траццяк — легендарны савецкі хакеіст, цяпер прэзідэнт расійскай хакейнай федэрацыі і дэпутат Дзяржаўнай Думы ад «Адзінай Расіі».
Радніна - трохразовая алімпійская чэмпіёнка, дзесяціразовая чэмпіёнка свету. Яна таксама дэпутатка Дзяржаўнай Думы ад «Адзінай Расіі».
У выбары арганізатараў Алімпіяды можна ўбачыць палітычны падтэкст. Паўгода таму Радніна трапіла ў скандал, выклаўшы ў твітар непаліткарэктны калаж, на якім чарнаскуры прэзідэнт ЗША Барак Абама разам з жонкай здзіўлена глядзяць на банан.
Дарэчы, Абама, як і многія іншыя сусветныя лідары, праігнараваў Алімпіяду ў Сочы.