Тры месяцы назад на пешаходным пераходзе ў мінскім мікрараёне Зялёны Луг грузавік збіў 25-гадовую дзяўчыну. 31 студзеня ў Мінску над кіроўцам МАЗа прайшоў суд. На ім прысутнічаў карэспандэнт «Нашай Нівы».
Віка Старасценка пераехала ў Мінск з Брэста. Яна хацела дапамагаць людзям. Працавала юрысконсультам у Беларускім саюзе прадпрымальнікаў, але душу аддавала праваабарончай дзейнасці ў Цэнтры па правах чалавека.
Бацькі Вікі кіроўцу ўпершыню пабачылі ў судзе. Пасля трагедыі Анатоль Булва званіў ім. «Хацеў прыехаць, на магілцы папрасіць прабачэння», — тлумачыў ён у судзе.
«У Бога прасі прабачэння», —адказаў яму бацька Вікторыі Аляксандр.
Тым не менш, бацькі падалі пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды не кіроўцу, а фірме «Оствесттранскар», якой належыць МАЗ. «Што ён можа мне кампенсаваць?»
Бацькі просяць, каб ім выплацілі два мільярды рублёў.
Кіроўца МАЗа Анатоль Булва — такі рабацяга, яму пад сорак. Гаварыў мала, сядзеў галаву панурыўшы. Пасля аварыі яго не арыштавалі, таму на судзе ён быў не ў клетцы. Ён працуе на той жа фірме, толькі пасля аварыі перавёўся ў слесары.
Адвакатка адразу ж папрасіла перапынак, каб Булва «зрабіў прапанову» бацькам Вікторыі.
Слова ўзяла 60-гадовая мама кіроўцы. «Ніхто не хацеў, каб такая сітуацыя здарылася, — ужыла яна гэтае канцылярскае слова «сітуацыя». — Хочаце, я на калені стану», — і ўкленчыла перад бацькамі Вікі.
«Вы бароніце сваё дзіця, яно ў вас жывое, а я сваёй крывіначкі больш не пабачу», — прамовіла маці Вікі.
«Мы прапанавалі, але пацярпелы бок не хоча браць грошы», — рэзюмавала адвакатка, калі суд працягнуўся.
«А колькі прапанавалі?» — пацікавілася суддзя. — «10 тысяч даляраў».
Булва — бацька траіх дзяцей. Ад першага шлюбу ў яго дзве непаўналетнія дачкі. Плаціць на іх аліменты. Ад другога шлюбу — двухгадовы хлопчык. Кіроўца зарабляе 3—4 мільёны рублёў, жонка атрымлівае менш за два.
«У яго вялікая сям’я. Думаю, гэта правільна, калі грошы застануцца ў іх», — адмовіўся Аляксандр Старасценка.
Вікторыя загінула раніцай 30 кастрычніка 2013. Напярэдадні трагедыі дзяўчына вярнулася з Вільні — на дзень раней, чым планавала. Раніцай яна выйшла на працу.
Кіроўца МАЗа кажа, што глядзеў на аўтобус, які справа перад ім спыніўся на прыпынку. Баяўся, каб з-за яго не выскачылі людзі.
І зусім не звярнуў увагі на тых, хто пераходзіў з іншага боку. Нават калі адчуў удар, не зразумеў, у чым рэч. Абышоў МАЗ і ўбачыў дзяўчыну пад грузавіком, нагу ў яе раструшчыла і заціснула між колам і падрамнікам. Нягледзячы на дзікі боль, яна яшчэ была ў прытомнасці. Але праз пяцьдзясят хвілін дактары канстатавалі смерць.
«Проста не заўважыў… Я цалкам прызнаю сябе вінаватым», — прашаптаў Булва.
Экспертыза паказала, што МАЗ рухаўся на хуткасці 29 км/г, а зусім не 90 кіламетраў, як напачатку напісалі СМІ. Быў яркі сонечны дзень, без дажджу. «Здзейсніў наезд і пераезд на пешаходным пераходзе», — зачытала абвінавачанне пракурор.
«Якое б ён ні панёс пакаранне, нічога не зменіцца… Мая дачка, напэўна, зрабіла б так, як скажу я: каб яго не пазбаўлялі свабоды», — сказаў Аляксандр Старасценка.
Анатоля Булву асудзілі на два з паловай гады калоніі-пасялення за парушэнне правілаў дарожнага руху, што па неасцярожнасці пацягнула смерць чалавека.
Гэта мяккая «зона»: па калоніі асуджаныя перасоўваюцца свабодна, толькі на працу выходзяць з кантралёрам. І яны не абмежаваныя ў спатканнях.
А пазоў на два мільярды яшчэ будзе разгледжаны ў асобным працэсе.
Праўда, калі пазоў задаволяць, усё-ткі кіроўца МАЗа будзе гэтую суму выплочваць свайму прадпрыемству. «Я гатовы гэта адпрацоўваць», — сказаў Булва.





