Сучасны расійскі кінематограф, творы якога займаюць значнае месца ў беларускім кінапракаце, вядомы сваёй катастрафічнасцю. Часам здаецца, што субсідаваныя з федэральнага бюджэту пошлыя камедыі і патрыятычныя меладрамы здымаюць дзеля асваення гэтага самога бюджэту і глыбейшага ўкаранення пуцінскіх «духоўных скрэп». На іх фоне апошняя экранізацыя гогалеўскага «Вія» выглядае дзіўна.

Мабыць, ператварэнню фільма ў трэш перашкодзіў статус міжнароднага праекта: удзел у ім, акрамя Расіі, узялі Брытанія, Германія, Чэхія і Украіна. А здымаў «Вія» ўсё ж расійскі рэжысёр — малавядомы Алег Сцепчанка. Да гэтага ён выпусціў два пасрэдныя баевікі. Таму ў мастацкім плане «Вій» аказаўся яшчэ адной пасрэднасцю.

«Вій» абсалютна не адпавядае заяўленаму жанру фільма жахаў — ён больш нагадвае камедыю.

Адзіны страшны момант за ўсе дзве з паловай гадзіны фільма — «падманка», нечаканы рэзкі і гучны ўдар чоўна, у якім героі плывуць пасярод абсалютнай цішыні балота, аб падводны корч. Сцепчанка і нагнаў густы туман, як Цім Бёртан у «Соннай лагчыне», і перанёс дзеянне ў злавесны цьмяны лес, нібыта ў «Вядзьмарцы з Блэр» ці «Таямнічым лесе» Шамаляна, але так і не здолеў ахутаць гледача атмасферай трывогі.

Перашкодзілі персанажы. Яны анекдатычныя і стэрэатыпныя. Прыкарпацкі хутар, дзе разгортваецца дзеянне «Вія», населены выключна казакамі: з чубамі, шаблямі, завушніцамі. Пры гэтым адзіная справа хутаран — беспрабуднае п’янства.

У добрай палове сцэн з’яўляецца нязменная бутэлька мутнай гарэлкі, якую, паводле заведзенай расійскім кінематографам традыцыі, усе славяне ўжываюць замест вады. У канцы фільма, калі на экране з’яўляецца гіганцкі лагатып гарэлачнай кампаніі «Хортыця», пытанні аб матываванасці вёдраў выпітай гарэлкі адпадаюць самі сабой.

З пратаганіста, картографа з прасветленай Еўропы Джонатана Грына ў выкананні англійскага акцёра Джэйсана Флемінга, увогуле зрабілі камічна-наіўнага Іванушку-дурня, нібыта скапіяванага з савецкіх дзіцячых кінаказак кшталту «Марозкі».

Калі і пашукаць, на ролю сур’ёзнага персанажа можа прэтэндаваць хіба што дзяўчына Настуся, бо яна не размаўляе, вар’ятка ад самага пачатку (анямела і страціла розум праз перажыты стрэс) і з’яўляецца ў кадры ў некалькіх кароткіх эпізодах. Таксама дарма шукаць у фільме Гогаля — ад твора класіка засталася толькі назва.

Аднак «Вій» нечакана цікавы сваім каштоўнасным пасылам.

У той час, як у Расіі многія турбуюцца пра занурэнне краіны ў рэлігійнае цемрашальства, «Вій» у выніку становіцца рэкламай навуковага светапогляду. Выявілася, што ніякага чараўніцтва не існуе, а ўсю чартаўшчыну зладзіў з дапамогай навуковых вынаходніцтваў галоўны злодзей — уладалюбны праваслаўны святар, які хацеў стаць прарокам новай рэлігіі і для эксперыменту выбраў украінскі хутар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?