У ноч на 10 лютага ў Быхаўскім раёне адбылося лабавое сутыкненне на трасе Санкт-Пецярбург — Адэса аўтамабіля «Хундай-Матрыкс» з украінскімі нумарнымі знакамі з рэйсавым аўтобусам «Неаплан», які выконваў рэйс Санкт-Пецярбург — Кіеў — Адэса.

Двое грамадзян Украіны — вадзіцель 1994 года нараджэння і яго 21-гадовая пасажырка — загінулі ў выніку ДТЗ.

Аўтобус з'ехаў у кювет і перакуліўся набок. У ім знаходзіліся 20 пасажыраў, два кіроўцы і адна суправаджаючая — 9 грамадзян Расіі, 13 грамадзян Украіны і адзін грамадзянін Малдавіі. «Пасажыры аўтобуса, вадзіцелі і суправаджаючая ў выніку ДТЗ атрымалі нязначныя траўмы, ад шпіталізацыі адмовіліся», — зазначылі ў Магілёўскім абласным упраўленні МНС.

Загінулыя ў ДТЗ былі дэблакіраваныя з дапамогай спецыяльнай тэхнікі, паведамілі ў магілёўскім упраўленні.

Сутыкненне адбылося з-за таго, што вадзіцель «Хундая» выехаў на паласу сустрэчнага руху, паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк. Паводле яе слоў, следствам разглядаюцца дзве версіі прычыны ДТЗ — слізкая дарога альбо тое, што вадзіцель аўтамабіля заснуў за рулём.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?