Расійскі хіп-хоп выканаўца Аляксей Косаў (Ассаі) папрасіў прабачэння за інцыдэнт на канцэрце ў Мінску, пасля якога яго калектыву забаранілі выступаць у Беларусі. Ліст ён змясціў на сайце гурту.

«Добры дзень, Аляксандр Рыгоравіч!

Мяне завуць Аляксей Косаў, я музыкант з Санкт - Пецярбурга, саліст і лідар музычнага калектыву Ассаі. У нядаўнім мінулым, на нашым канцэрце ў горадзе Мінск здарыўся інцыдэнт, пасля якога нам забараняюць выступаць у вашай краіне.

У мяне ёсць адна сацыяльная песня пад назвай «Столькі жыцця», у ёй з дапамогай метафар я хачу сказаць пра тое, што барацьба паміж народам і ўладай ніколі не прынясе выніку,

сістэма гэтых адносін не змяняецца шмат тысяч гадоў. Гэта самы сацыяльны тэкст у маёй творчасці, ён быў напісаны пад уражаннем ад пратэстных акцый якія адбываліся ў Расіі ў 2012 годзе. Я задумаўся над тым, што адбываецца, мы шмат абмяркоўвалі гэтае пытанне з сябрамі. Тады я ўбачыў людзей здольных толькі патрабаваць і вінаваціць уладу ў сваіх праблемах. Я ўбачыў ўладу, што не бачыць людзей і пры кожным зручным выпадку прымае законы, якія абмяжоўваюць правы людзей. Як ні сумна, але ўлада заўсёды адпавядае грамадству. Я напісаў пра гэта як адчуваў. У гэтай песні ёсць радкі:

– … мне так неловко предлагать но это Москва, мистер президент, отправляйтесь в ад.

Падчас выканання гэтай песні на нашым канцэрце ў Мінску, я замяніў слова «прэзідэнт» на вашу прозвішча. Пасля гэтага зала «выбухнула» апладысментамі.

Я хачу папрасіць прабачэння перад вамі публічна.

Я лічу, што я быў няправы, калі казаў так, я паддаўся эмоцыям.

Гэтыя эмоцыі я ўбачыў у вачах людзей, якія прыйшлі на канцэрт. Маладым людзям не хапае свабоды,

ім здаецца, што ад іх нешта хаваюць, не даюць патрымаць у руках, незалежна ад таго, зробіць гэта іх жыццё лепш ці горш. Як вы думаеце, праўда ж, што ўнутрана свабоднага чалавека не можа зрабіць абавязаным ніякая ўлада? Думаю, што так. Таму, упэўнены, што жыхарам вашай краіны прыемны ваш бацькоўскі клопат пра іх. Няхай Бог вам дасць быць мудрым цэнзарам і мы ўсё так жа, прыязджаючы да вас у госці, будзем захапляцца тым, што ў вас «усё сваё», усюды чыста, людзі выхаваныя і сціплыя. Хай ваша любоў да роднай зямлі дапаможа вам не прымаць блізка да сэрца ўсё, што пра вас кажуць і ваша краіна як мага даўжэй будзе заставацца незалежнай і такой, асаблівай. Я люблю Беларусь і сапраўды не хачу асуджаць вас.

Людзі не хочуць адзін аднаго бачыць калі паміж імі існуюць неразвязаныя праблемы або супярэчнасці. Менавіта таму я напісаў гэты ліст. Адпраўляю вам і міністру культуры Барысу Уладзіміравічу Святлову сувеніры ад нашага калектыву ў выглядзе матылькоў.

Шчасця вам, вашым блізкім і ўсёй краіне Беларусь!», — піша Аляксей Косаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?