Федэральны суд у Норфалку (штат Вірджынія) у панядзелак, 10 лютага, асудзіў былога шыфравальшчыка ВМС ЗША Роберта Хофмана.

Яму прысудзілі 30 гадоў турмы за спробу шпіянажу на карысць Расіі, паведамляе Associated Press.

40-гадовага Хофмана прызналі вінаватым у спробе перадаць расійскай разведцы сакрэтныя дакументы аб сачэнні за ваеннымі караблямі. Хофмана затрымалі 6 снежня 2012 года, калі ён перадаў матэрыялы агенту ФБР, які выдаваў сябе за супрацоўніка расійскіх спецслужбаў. Былому вайскоўцу пагражала смяротнае пакаранне, але абвінавачанне абмежавалася 30-гадовым тэрмінам зняволення, адзначае «Форбс».

Хофман праслужыў на флоце каля 20 гадоў, прычым збольшага на падлодках.

У лістападзе 2011 года ён выйшаў на пенсію ў званні старшыны першага класа. Увагу ФБР экс-вайсковец прыцягнуў з-за сваёй паездкі ў Беларусь незадоўга да адстаўкі. У нашу краіну Хофман ездзіў сустракацца з жанчынай, з якой ён пазнаёміўся падчас размяшчэння ў Бахрэйне. Вярнуўшыся ў ЗША, шыфравальшчык сцвярджаў, што падчас паездкі сустракаўся з кіраўніком Беларусі.

Тады адна з агентак ФБР ўступіла ў перапіску з Хофманом ў інтэрнэце. Пазней да шыфравальшчыка адправілі яшчэ адну агентку. Праз яе на Хофмана выйшаў агент, які прадставіўся расійскім разведчыкам «Уладзімірам». У перапісцы з ім Хофман пагадзіўся супрацоўнічаць у абмен на фінансавае ўзнагароджанне. Па заданні «Уладзіміра» ён пакінуў флэшкі з сакрэтнымі матэрыяламі ў названых яму месцах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?