Віктар Шаршун, фота Кірылы Хілька

Віктар Шаршун, фота Кірылы Хілька

8 лютага Віктар Шаршун знаходзіўся у сваёй кватэры на бульвары Шаўчэнкі ў Мінску, калі невядомы пазванілі ў дзверы, прадставіўшыся супрацоўнікамі ЖЭС. Як выявілася пасля, насамрэч гэта былі супрацоўнікі міліцыі.

Не прадставіўшыся, яны загадалі грамадзяніну зняць бел-чырвона-белы сцяг, які вісеў на яго балконе, бо, па іх словах, гэта сімволіка з'яўляецца незарэгістраванай. Віктар Шаршун адмовіўся гэта рабіць і паспрабаваў зачыніць уваходныя дзверы.

Тады супрацоўнікі міліцыі, па яго словах, выцягнулі яго на лесвічную пляцоўку, пачалі збіваць. З кайданкамі на руках Віктара Шаршуна даставілі ў Цэнтральны РУУС Мінска, дзе ён прабыў да позняга вечара, аднак ніхто, па яго словах, не тлумачыў прычыну затрымання, пратакол адміністратыўнага правапарушэння таксама не складаўся.

Каля 21 гадзіны грамадзяніна даставілі на вул. Мініна для праходжання агляду на прадмет ужывання алкаголю. Пасля таго яго зноў адвезлі ў Цэнтральны РУУС.

Мужчына дрэнна сябе адчуваў, давялося выклікаць хуткую дапамогу, якая шпіталізавала яго ў 2-ю клінічную бальніцу.

Перад ад'ездам у шпіталь, мужчыне ўручылі ўжо складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні па арт. 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) і 23.5 (Абраза службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) КоАПП Рэспублікі Беларусь. У бальніцы пацыенту рабілі рэнтгенаграфію рэбраў, пасля чаго адпусцілі дадому.

Цяпер Віктар Шаршун чакае разгляду гэтай справы ў судзе.

Ён падаў скаргу ў пракуратуру Цэнтральнага раёна Мінска з просьбай правесці пракурорскую праверку адносна неправамерных дзеянняў міліцыянтаў і прыцягнуць вінаватых асоб да адказнасці.

«Спасылка работнікаў міліцыі на тое, што я нібыта я парушыў дзейснае заканадаўства, вывесіўшы на балконе незарэгістраваную ва ўстаноўленым законам парадку сімволіку, з'яўляецца недарэчнай і незаконнай, паколькі карыстанне незарэгістраванай сімволікай забаронена законам толькі ўдзельнікам масавых мерапрыемстваў», — адзначае грамадзянін у скарзе на дзеянні работнікаў міліцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?