Падрыхтаваны праект указа прэзідэнта аб прыпыненні будаўніцтва другой Мінскай кальцавой аўтадарогі.

Пра гэта на прэс-канферэнцыі 11 лютага паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Аляксандр Галаўнёў. 

«Зараз падрыхтаваны праект указа прэзідэнта аб прыпыненні будаўніцтва другой МКАД з-за адсутнасці фінансавых сродкаў», — сказаў Галаўнёў. 

Паводле яго слоў, сродкаў, што збіраюцца за кошт нядаўна ўведзенага транспартнага збору, недастаткова для фінансавання гэтага праекта.

«Ён дзейнічае толькі месяц, і казаць пра яго вынікі можна будзе толькі пасля заканчэння года, не пра разліковыя велічыні, а пра рэальныя паступленні», — зазначыў намеснік начальніка ўпраўлення. 

Пры гэтым ён звярнуў увагу, што сродкі ад транспартнага збору накіроўваюцца па прынцыпе: 50% на рэспубліканскія дарогі, 50% — на мясцовыя дарожныя сеткі і Мінск. «Таму, калі разліковая велічыня складае 1,5 трлн. рублёў, то 700 млрд. для будоўлі кальцавой дарогі недастаткова», — падкрэсліў Галаўнёў. 

Работы па будаўніцтве дарогі былі пачатыя ў 2011 годзе ў адпаведнасці з даручэннем прэзідэнта, аднак у 2012 годзе праект быў фактычна замарожаны з-за адсутнасці фінансавання. 

Між тым указам кіраўніка дзяржавы ўказ № 532 ад 13 кастрычніка 2010 года прадугледжвалася будаўніцтва другой кальцавой дарогі агульнай працягласцю 158 км. У яе склад павінны ўваходзіць існуючыя ўчасткі аўтамабільных дарог (73 км) і два новыя напрамкі руху аўтатранспарту (85 км). 

Указам прадугледжвалася ажыццявіць будаўніцтва новых участкаў цягам сямі гадоў: у 2011—2014 гадах — участка працягласцю 44 км (ад аўтамабільнай дарогі М3 Мінск — Віцебск да аўтамабільнай дарогі М6/Е28 Мінск — Гродна — мяжа Рэспублікі Польшча); у 2014—2017 гадах — участка працягласцю 41 км (ад аўтамабільнай дарогі М6/Е28 Мінск — Гродна — мяжа Рэспублікі Польшча да аўтамабільнай дарогі М1/Е 30 Брэст (Казловічы) — Мінск — мяжа Расійскай Федэрацыі). 

Меркавалася, што на трасе будзе чатырохпалосны рух, па дзве паласы ў кожным напрамку, з асвятленнем на ўсёй працягласці і магчымасцю язды з хуткасцю 120 км/гадз.

Другая кальцавая дарога вакол Мінска павінна была выконваць у першую чаргу транзітную функцыю.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру