Беларусь недаатрымала ў 2013 годзе больш за 10 млрд. долараў у выніку скарачэння экспарту шэрагу тавараў, пастаўкі якіх (у грашовым выражэнні) знізіліся ў найбольшай ступені. 

Так, згодна з данымі афіцыйнай статыстыкі, па 27 беларускіх таварах, пастаўкі якіх на знешнія рынкі больш за ўсё ў 2013 годзе знізіліся, экспарт скараціўся на 10,55 млрд. долараў. 

У прыватнасці, экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у 2013 годзе ў параўнанні з 2012-м скараціўся на 4,33 млрд. долараў, растваральнікаў і разбавіцеляў — на 2,78 млрд. долараў, змазачных матэрыялаў — на 1,02 млрд. долараў, калійных угнаенняў — на 599,3 млн. долараў, грузавых аўтамабіляў — на 502,5 млн. долараў, трактароў і седлавых цягачоў — на 362,9 млн. долараў.

 

На думку Міністэрства эканомікі, асноўнымі прычынамі скарачэння экспарту ў 2013 годзе выступілі некалькі фактараў: звужэнне расійскага рынку збыту з-за запавольвання эканамічнага росту ў Расіі і ўзмацненне канкурэнцыі на расійскім рынку збыту з-за ўступлення суседняй краіны ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. 

Вышэйпералічаныя фактары, на думку экспертаў, у найбольшай ступені паўплывалі на экспарт прадукцыі беларускага машынабудавання. 

Апрача гэтага, скарачэнне беларускага экспарту ў 2013 годзе ў параўнанні з пазамінулым годам адбылося з-за спынення экспарту беларускіх растваральнікаў і біядызельнага паліва.

 

Нагадаем, у жніўні 2012 года Беларусь вымушана была спыніць па патрабаванні Расіі растваральны бізнес. Афіцыйныя асобы Расіі меркавалі, што Беларусь экспартуе нафтапрадукты пад выглядам растваральнікаў, каб не пералічваць вывазную пошліну на экспартаваныя нафтапрадукты ў расійскі бюджэт. 

Яшчэ адной прычынай зніжэння беларускага экспарту ў 2013 годзе эксперты называюць крызіс у калійнай галіне. Нагадаем, у ліпені мінулага года расійскі «Уралкалій» аб'явіў аб спыненні продажу праз Беларускую калійную кампанію, што прывяло як да зніжэння сусветных цэн на мінеральныя ўгнаенні, гэтак і да скарачэння аб'ёмаў беларускага экспарту гэтай прадукцыі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?