Мінтранс Беларусі рыхтуе пералік дарог, якія могуць быць аддадзеныя ў канцэсію. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 11 лютага паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Аляксандр Галаўнёў. 

Ён нагадаў, што закон аб канцэсіі набыў моц з 1 студзеня 2014 года. «У адпаведнасці з гэтым законам дзяржава павінна вызначыць пералік аб'ектаў, які яна гатова перадаць у канцэсію. Мы зараз працуем сумесна з Міністэрствам фінансаў па стварэнні такога пераліку. Мінтранс будзе прапаноўваць у гэты пералік дарогі М7 (Мінск — мяжа Літвы), М3 (Мінск — Віцебск), М10 (Гомель — Брэст)», — паведаміў Галаўнёў. 

Паводле яго слоў, ужо праведзеныя папярэднія перамовы з трыма кампаніямі, якія выказалі жаданне ўзяць удзел у інвестыцыйных праектах з Іспаніі, Польшчы і Францыі.

«Але ў адпаведнасці з заканадаўствам канцэсіянеры выбіраюцца па конкурсе, таму казаць пра канкрэтную кампанію, з якой мы будзем працаваць, да таргоў няварта», — сказаў намеснік начальніка ўпраўлення. Паводле яго слоў, перад заключэннем дагавору кампаніі павінны распрацаваць бізнес-план і мець магчымасці канцэсіі. 

«Канцэсія — цікавая тэма, якая мае на ўвазе не выдзяленне крэдыту, а перадачу дарог прадпрыемству ці арганізацыі, якія ўкладваюць свае ці прыцягнутыя грошы ў мадэрнізацыю дарог і на працягу 20 гадоў яе ўтрымліваюць. І збіраючы плату, вяртаюць свае затраты. Гэта найбольш прагрэсіўны спосаб. Гэта не крэдыт, які трэба вяртаць, а больш цывілізаваная форма дзяржаўна-прыватнага партнёрства», — мяркуе прадстаўнік Мінтранса. 

Пры гэтым ён падкрэсліў, што не абавязкова аддадзеная ў канцэсію дарога стане платнай. «Пры ўвядзенні платных дарог мы глядзім на наяўнасць бясплатных дарог. Казаць па тое, што ўсе дарогі будуць платныя, нельга і нерэальна. Я думаю, што максімальная мяжа платных дарог у Беларусі — 2-2,2 тыс. км з 16 тыс. км рэспубліканскіх дарог на гэты момант», — падкрэсліў Галаўнёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?