Пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж Еўрасаюзам і Беларуссю могуць быць падрыхтаваны да канца гэтага года. Такое меркаванне выказала ў інтэрв'ю БелаПАН кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майра Мора.

«Перамовы толькі пачаліся. Была першая сустрэча ў Брусэлі, куды ездзіла намеснік кіраўніка беларускага МЗС Алена Купчына. Наколькі мне вядома, наступная сустрэча плануецца на сакавік, - сказала Мора. - Трэба разумець, што гэта даволі працяглы працэс. Але і з боку ЕС, і з беларускага боку ёсць жаданне прыйсці да выніку. Я настроеная аптымістычна».

Пры гэтым Мора адзначыла, што на хуткасць працэсу падрыхтоўкі пагадненняў да падпісання паўплывае яшчэ і неабходнасць ўзгаднення дакументаў ўнутры ЕС. «Праблема ў тым, што ў нас 28 краін-членаў і неабходна правесці 28 узгадненняў гэтых дакументаў, - сказала кіраўнік прадстаўніцтва. - З іншага боку, працэс падрыхтоўкі палегчаны тым, што ў ЕС ужо ёсць вопыт заключэння такіх пагадненняў з іншымі краінамі. У нас ёсць аснова такіх дагавораў, ад якіх абодва бакі адштурхваюцца».

Мора таксама адзначыла, што

пасля заключэння візавага пагаднення для беларусаў будзе зніжаны кошт шэнгенскіх віз.

Паводле яе слоў, беларусам выдаецца адно з найбольшых колькасцяў шэнгенскіх віз у свеце пры вельмі малым ліку адмоў. «І маё асабістае меркаванне, што варта выдаваць болей доўгатэрміновых візаў тым, хто часта вандруе, што значна паменшыла б чэргі ў амбасады, бо яны радзей звярталіся б па візы», - сказала Мора.

Рада міністраў ЕС яшчэ ў чэрвені 2011 года запрасіў Беларусь да пачатку перамоваў аб спрашчэнні візавага рэжыму. Рада ЕС неаднаразова заклікала беларускія ўлады пачаць перамовы. У лістападзе 2013 на саміце Усходняга партнёрства ў Вільні міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што Беларусь гатовая пачаць перамовы па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі.

Пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС ужо падпісаныя з усімі краінамі Усходняга партнёрства і Расіяй.

На дадзены момант Беларусь — адзіная краіна УП, грамадзяне якой вымушаныя плаціць за шэнгенскую візу не 35, а 60 еўра.

Як паведамлялася раней, для таго каб спачатку спрасціць, а потым і адмяніць візавы рэжым з ЕС, любая краіна павінна прайсці некалькі крокаў. Першы крок на шляху да адмены візаў ўключае падпісанне дамовы аб візавай фасілітацыі і рэадмісіі. Пагадненне дазволіць паменшыць кошт візаў, а для некаторых катэгорый грамадзян зрабіць іх бясплатнымі. На другім этапе пачынаецца дыялог аб візавай лібералізацыі з ЕС, абмяркоўваецца спіс рэформаў, якія краіна павінна выканаць для адмены візавага рэжыму. Калі краіна выконвае ўсе патрабаванні плана і даказвае, што яго палажэнні рэалізуюцца на практыцы, ЕС прымае рашэнне аб візавай лібералізацыі з гэтай краінай, гэта значыць аб адмене кароткатэрміновых віз.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру