Беларуска бліскуча правяла гонку пераследу (пагоню) на Алімпійскіх гульнях. Яна стартавала толькі дзявятай з 32 секундамі адставання ад славачкі Настассі Кузьміной. Месцы ў пагоні размяркоўваюцца па выніках спрынту.

Ужо падчас першага кіламетра дыстанцыі стала зразумела, што лыжы ў Дашы працуюць выдатна. Сэрвісмены сваю справу зрабілі. Яна адразу ж вырвалася на другую пазіцыю, адыграўшы ў ціхаходнай Кузьміной 18 секунд! А яшчэ і першая стральба атрымалася ўзорнай.

На другі круг Домрачава сыходзіла крыху адстаючы ад Кузьміной, аднак вельмі хутка яе нагнала, хоць і не імкнулася апярэджваць суперніцу. І на стральбе нервы здалі менавіта ў славачкі. А вось стрэлы Дар'і зноў аказаліся трапнымі, на трасу яна сышла безумоўным лідарам.

Стала зразумела, што далей беларусцы трэба змагацца толькі з сабой, а не з іншымі біятланісткамі. Пры трэцяй стральбе адна з куляў трапіла ў габарыт, але мішэнь усё адно закрылася. Перад апошняй стральбой Дар’я магла нават дазволіць сабе пудла. І апошні стрэл так і не закрыў талерачкі. Але нават гэтага хапіла для вельмі камфортнага фінішу.

У выніку яна выйграла ў срэбранай прызёркі нарвежкі Туры Бергер больш за паўхвіліны. Гэта пры тым, што Домрачава фінішавала са сцягам, а гэта значыць згубіла нейкія імгненні.

Гэта першы медаль беларусаў на Алімпіядзе ў Сочы. І другі медаль Домрачавай на Гульнях. Першы (бронза) чатыры гады таму яна заваявала ў канадскім Ванкуверы.

Таксама яна двойчы выйгравала Чэмпіянат свету.

Дар’я – самая хуткая біятланістка свету. Ёй 27 гадоў, у біятлоне спартсмены часта пачынаюць раскрывацца толькі пасля трыццаці. Нарадзілася ў Мінску, але гадавалася ў Цюменскай вобласці, куды пераехалі бацькі. Там і стала вучыцца біятлону. Калі паўстаў выбар, за якую краіну выступаць, Домрачава абрала Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?