Каму сёння патрэбныя рамёствы? Ці паважаюць беларусы старадаўнія ручныя ўменні? Любая размова пра рамесніцтва пачынаецца з натхнёных водгукаў аматараў hand-made, але ёсць і тыя, хто назаве працу рамеснікаў сёння непатрэбнай, «непрафесійнай» і «няякаснай».

Паказаць, якім багаццем мы валодаем, прадэманстраваць разнастайнасць старадаўніх рамесніцкіх традыцый, пазнаёміць з адданымі сваёй працы людзьмі — мэта новага відэапраекта «Маналог Майстра», які прадстаўляе грамадская культурнiцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» І, што надзвычай прыемна, праект стаў пераможцам конкурсу культурніцкіх ідэй ад «Будзьма беларусамі!».

«Для мяне праект «Маналог Майстра» — магчымасць ужывую сутыкнуцца з гэтымі незвычайнымі людзьмі, майстрамі, якія насуперак усім выгодам сучаснай цывілізацыі ўбачылі сябе часткай старадаўняй традыцыі і пры гэтым могуць заставацца паспяховымі, запатрабаванымі і ў нашым мадэрным сусвеце»,  каментуе сузаснавальнік праекта Зміцер Рагачоў.

«Маналог майстра»  серыя з сямі вiдэанарысаў, галерэя творчых партрэтаў унікальных майстроў, якія жывуць і ствараюць сёння ў Беларусі. У кадры майстар, яго справа і яго аповед пра рамяство і рамесніка, пра пераемнасць, культуру і пра жыццё мінулае і будучыню.

Вольга Жукава, рэжысёр і аўтар ідэі праекта, раней працавала на тэлебачанні, а гэты праект задумвала ў першую чаргу як самарэабілітацыю: «Працуючы на тэлебачанні, я сутыкалася з вялізнай колькасцю цікавых самабытных асобаў, але фармат перадачы вельмі абмежаваны, там вельмі далёка да раскрыцця Асобы Майстра. Таму цяпер спрабую крыху рэабілітавацца, найперш перад сабою. Мажліва, гэтыя нарысы пазней прывядуць да стварэння сапраўдных відэапартрэтаў».

Стваральнікі імкнуліся дасканала перадаць атмасферу працоўнага месца рамеснікаў: «Задача аператара ў Маналогу Майстра, здаецца, вельмі вузкая — перадаць атмасферу працоўнага месца, знайсці дэталі і ракурсы, якія найлепей характарызуюць нашага героя. Насамрэч майстар ёсць творцам і свайго атачэння, але і атачэнне стварае непаўторны вобраз Майстра. Таму самае складанае і творчае для мяне — не згубіць аніводнай дэталі», — адзначыў аператар Эдгар Грышчук.

Распачынае серыю нарыс «Музыка непазнаная».

«Кажуць, чаму беларусы такія бедныя і жалкія? Таму што яны не ведаюць, наколькі яны багатыя! Якое багацце ў іх побач — пад нагамі, справа і злева, спераду і ззаду», — пра гэта і многае іншае разважае за працай Алесь Лось — мастак, музыка, этнограф, майстра музычных інструментаў, гаспадар аграсядзібы «Хутар Дудара», месца, дзе можна шмат чаму навучыцца, добра папрацаваць і адпачыць і дзе заўсёды радыя добрым людзям.

Глядзіце першы фільм «Музыка непазнаная»:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?