9 лютага 2009 Валянцін Тарас адзначаў 79-ы дзень народзінаў. Напярэдадні ён папрасіў з’ездзіць з ім на Паўночныя могілкі, наведаць магілы сяброў: Аляксандра Дракахруста і ягонай жонкі, журналісткі Дзіны Манаевай.

Зіма непазнавальна сказіла могілкавы пейзаж. І хаця з лістапада, калі хавалі Аляксандра Дракахруста, прайшло ўсяго тры месяцы, давялося шукаць. Шукалі цяжка, па калена ў сумётах. Тарас задыхаўся. Я не на жарт спалохаўся за яго, нават пашкадаваў, што не стрымаў ад паездкі. Тым больш, што асаблівай нагоды, каб сярод зімы наведваць магілы сяброў, не было.

Толькі ўвечары 9-га, калі нешматлікія госці, у асноўным, блізкія сваякі, сабраліся на ўтульнай кухні за цеснаватым святочным сталом, я зразумеў, чаму Тарас паехаў на могілкі: адзначаць дзень свайго нараджэння без тых, з кім адзначаў яго цягам дзясяткаў гадоў, ён не мог. Але вось наведаў і нібыта адрадзіўся: увесь вечар сыпаў жартамі, чытаў свае даўнія вершы, быў шчодры на ўспаміны і тосты…

13 лютага Тарас памёр.

Не памятаю, у каторы з тых трох, паміж жыццём і смерцю, лютаўскіх дзён ён нечакана згадаў пра танкі: «А вы ведаеце, Сярожа, што ўсё XX стагоддзе прайшло пад знакам танкаў? Вось, — ён выцягнуў са старой друкаркі апошнюю паперчыну, дадаў да астатніх, — пачытайце, тут пра танкі…»

Вайна не адпускала яго.

З дзвюх плыняў, з дзвюх крыніц нарадзілася літаратурная і маральная з’ява, што носіць імя Валянціна Тараса, — вайна і сяброўства.

Сяброўства, народжанае вайной.

Вайной з найвялікшым злом — нямецкім нацызмам.

Вайной з найвялікшым злом — савецкім сталінізмам.

Дзве вайны, два ворагі… Але зброя адна — Сумленне.

Каб зразумець гэта, перагартайце старонкі ягоных мемуараў «На выспе ўспамінаў» — насамрэч шчымлівай і пранізліва-самаахвярнай споведзі. Разам з быкаўскай «Доўгай дарогай дадому» яна стварае і захоўвае непаўторны свет прамінулага часу.

Так, менавіта разам, а не побач.

Разам, а не побач — з Алесем Адамовічам, Мікалаем Крукоўскім, Навумам Кіслікам, Алегам Сурскім, Барысам Заборавым, Міхасём Стральцовым… — выдзіраліся яны з кіпцюроў сталінізму, абуджалі, адраджалі і напаўнялі айчынным беларускім дыханнем ідэю гуманізму — стрыжнявую, з крыві і гразі войнаў і рэвалюцый, з супраціву злачынным праявам таталітарызму, ідэю ХХ стагоддзя. І справа тут не ў маштабах талентаў, не ў розніцы ва ўзростах, жыццёвым досведзе і творчых занятках.

Справа ў тым, што на «доўгай дарозе дадому» творцы, з’яднаныя пакутлівым пошукам адказаў на пякучыя пытанні Часу, становяцца Пакаленнем.

Сёння ў Беларусі шмат таленавітых, высокаадукаваных, высокаінтэлектуальных творцаў — літаратараў, філосафаў, палітолагаў…

Але Пакалення няма. Ёсць тусоўкі.

Я вось думаю: чаму тыя ж Быкаў, Адамовіч, Кіслік прынялі ў сваё сяброўскае кола нашмат маладзейшага Тараса? Толькі з-за ягонага партызанскага медаля?

Так, безумоўна, і з-за медаля, з-за апаленага вайной малалецтва. Але не толькі.

З-за таленту?

Так, безумоўна, і з-за таленту. Але не толькі.

Яны адчулі ў ім творцу, які не жыве з гатовага, не карыстаецца палёгкай здабытага, а літаратурную справу перадусім лічыць справай маральнай. І ў гэтым сэнсе цягне на Галгофу Часу свой крыж.

Крыж, які злучае пакаленні.

Сёння замест цяжкай дарогі на Галгофу — прага Алімпа, замест крыжа — кол.

Дзіўнаватая і страшнаватая з’ява нарадзілася ў гэтыя пяць гадоў, што мінулі з таго дня, калі Тарас сышоў з жыцця: забіты ў савецкае мінулае кол не вызваліў ад яго, а, насуперак дэклараваным чаканням, увагнаў у пагрозу паўтору. Мо нават яшчэ горшага…

Магчыма, гэта маё суб’ектыўнае адчуванне, але раней, калі Валянцін Тарас яшчэ быў жывы і ці не апошні ўвасабляў згаданае Пакаленне, здавалася, што ягоны, таго пакалення, крыж злучыць ХХ і ХХІ стагоддзі.

Сёння паміж стагоддзямі — прорва.

Бо мінулага не выракаюцца, тым больш — яго не забіваюць. Мінулае пераадольваюць. Найперш у саміх сабе…

Так рабіў Валянцін Тарас — Пісьменнік, Паэт, Публіцыст, Грамадзянін.

Чалавек, што быў раскрыжаваны на вайне і сяброўстве.

Вось толькі мала хто з народжаных на мяжы стагоддзяў ведае, дзе, на якіх скажоных сённяшнімі завеямі могілках, шукаць гэты крыж.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?