Дар'я Домрачава і былы старшыня КДБ Вадзім Зайцаў (у цэнтры).

Дар'я Домрачава і былы старшыня КДБ Вадзім Зайцаў (у цэнтры).

Адразу пасля перамогі беларускі Дар’і Домрачавай у гонцы праследвання (пагоні) на Алімпіядзе, у інтэрнэце сталі з’яўляцца каментары: «Чаго вы радуецеся перамозе афіцэра КДБ?» Дык сапраўды, ці з’яўляецца Дар’я штатным супрацоўнікам гэтага ведамства?

Зразумела, адкуль узнікаюць такія размовы. Шмат гадоў Камітэт дзяржбяспекі курыруе менавіта гэты від спорта. Зірніце ў спіс прэзідыума беларускай федэрацыі біятлона – старшыня КДБ Валерый Вакульчык, першы намеснік старшыні КДБ Ігар Сергяенка, былы начальнік УКДБ па Мінскай вобласці Ігар Кузняцоў, цяперашні начальнік УКДБ Мінскай вобласці Уладзімір Калач, кіраўнікі КДБ Гродзеншчыны і Гомельшчыны Іван Корж і Іван Ляскоўскі адпаведна.

Кіраўнік федэрацыі біятлона змяняецца тады, калі змяняецца старшыня ў КДБ. Гэта пайшло яшчэ з савецкіх часоў, дзе біятлон курыравалі Пагранічныя войскі, якія ўваходзілі ў склад КДБ.

Ёсць адкрытыя звесткі, што некаторыя былыя беларускія біятланісты па сканчэнні кар’еры пераходзілі на працу ў КДБ. Напрыклад, у СМІ з’яўлялася інфа, што камітэт папоўніўся Вольгай Назаравай, Людмілай Ананькай, Вольгай Кудрашовай.

Шматразовая чэмпіёнка свету Алена Зубрылава, якая раней выступала за Украіну і Беларусь, таксама ўдзельнічае ў акцыях кшталту «Афіцэры КДБ – дзецям».

Праўда, не толькі біятланісты пераходзяць на працу ў КДБ. Той самай сцяжынай пайшла веласіпедыстка Наталля Цылінская.

«Спачатку сфатаграфавалася на пасведчанне, а потым на прыём да старшыні КДБ Леаніда Ерына адправілася, дзе мне ўручылі пагоны капітана. З аднаго боку, нядрэнна - у такім ведамстве прыемна лічыцца, а з другога - стамляешся ад сустрэч і пашаны», - казала яна ў інтэрв’ю газеце «Прессбол».

Што тычыцца Домрачавай, то пакуль няма ніякіх сведчанняў, што яна сапраўды працуе ў КДБ. Толькі аднойчы «Беларускі партызан» напісаў, што па іх звестках біятланістка мае афіцэрскае званне, але ніякіх доказаў таму не прадставіў.

Залічваць усіх біятланістаў аўтаматычна ў штат КДБ крыху смешна. Ці скажа нехта, што славутая біятланістка, а цяпер журналістка Святлана Парамыгіна – супрацоўніца спецслужб? Наўрад. А яна сканчвала кар’еру, калі федэрацыяй ужо кіраваў старшыня КДБ Уладзімір Мацкевіч.

Сама Даша ніколі не гаварыла, што яна афіцэр спецслужб. Не рапартавала і гэтае ведамства, што такая славутая атлетка ўваходзіць у іх штат. Ніхто не бачыў дакументаў, што гэта пацвярджалі, ці пагоны маёра (ці ўсё ж капітана) Домрачавай. Пакуль што словы аб тым, што біятланістка – афіцэр КДБ, не больш чым домыслы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?