У інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што сёлета мае выйсці новы раман Віктара Марціновіча пад назвай «Мова». Гэта будзе ўжо другі (пасля кнігі «Сцюдзёны вырай») яго твор, напісаны па-беларуску.

Фантазія на тэму вокладкі ад 34mag.net

Фантазія на тэму вокладкі ад 34mag.net

«Пакуль я магу расказаць вельмі няшмат, — кажа пісьменнік. — Раман называецца «Мова», ягонае дзеянне адбываецца ў будучыні, у Мінску, у той час, калі ніякай Беларусі ўжо няма. Гэта не смешны раман. Калі мая папярэдняя кніга «Сфагнум» была нечым накшталт рамана-анекдота, то «Мова» будзе цалкам сур’ёзнай».

Новую кнігу, як і папярэднюю Віктар Марціновіч плануе выдаць на дзвюх мовах, але калі ў выпадку «Сфагнума» арыгінал быў расейскамоўны, то цяпер перакладчык працуе над расейскай версіяй «Мовы».

«Я бачыў пераклад, ён атрымліваецца выдатна, хаця тут перакладаць надзвычай складанна, — расказвае Марціновіч. — Рэч у тым, што беларуская мова — гэта асноўны персанаж рамана, там хапае і іншых цікавых асобаў, аднак мова найважнейшая».

Выхад рамана папярэдне плануецца на верасень, вокладка з выявай карціны Язэпа Драздовіча, якая з’явілася ў інтэрнэце, гэта пакуль фантазія дызайнера сайта 34mag.net, аднак, па словах спадара Віктара, вельмі ўдалая.

«Цікава, што стваральнік гэтай вокладкі рамана не бачыў, аднак вельмі трапна ўхапіў аўтарскую задуму. — кажа Марціновіч. — Гэта кніга мікс жанравай і інтэлектуальнай прозы. Атрымаўся такі сабе баявік на тэму мовы. У беларускай літаратуры так склалася, што мы, пісьменнікі, імкнемся запоўніць вольныя прасторы літаратуры. Няма ў нас гарадскога рамана — пішам гарадскі раман. Няма смешнай крымінальнай кнігі — я сядаю і пішу яе. Аднак «Мова» гэта тое, чаго я не бачыў нідзе. Я вельмі шмат чытаю, і нідзе не сустракаў такога, каб канкрэтная мова была галоўным персанажам кнігі. Я вельмі спадзяюся пры дапамозе гэтага рамана прывабіць да беларускага свету нават тых, каму ён абыякавы, ці тых, хто пра яго ніколі не чуў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?